праверыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Упэўніцца, пераканацца ў правільнасці чаго‑н., адпаведнасці чаго‑н. чаму‑н. Праверыць правільнасць рашэння задачы. ▪ Лясніцкі спыніўся, па маленькаму ручному компасу праверыў напрамак. Шамякін. // Абследаваць з мэтай нагляду. За імі [хлапчукамі] па барознах шэрых Раённы аграном ідзе, Каб глыбіню раллі праверыць, Каб не было агрэхаў дзе. Танк. У поўнач удовін сын выйшаў на мост праверыць, ці стаіць на варце яго таварыш. Якімовіч. // Упэўніцца ў праўдзівасці чаго‑н.; пракантраляваць. Я ўзяў білет, уважліва праверыў яго, потым, не спяшаючыся, пачаў пералічваць рэшту. Анісаў.
2. Падвергнуць выпрабаванню для высвятлення якіх‑н. уласцівасцей, прыгоднасці да чаго‑н. і пад. Усё брыгадзір праверыў: Вароны, трактары, плугі, Ўвесь інвентар рабочы. Танк. Галя праверыла насенне на ўсходжасць. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)