СНІ́ТКА Андрэй Канстанцінавіч (1866, Вільня — 13.3.1920),
археограф, археолаг, этнограф, краязнавец і музеязнавец. Скончыў Рыжскі політэхн. ін-т (1888). Адзін з арганізатараў Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта (з 1908 сакратар, з 1909 старшыня), Мінскага царкоўна-археалагічнага музея (1908). З 1915 настаўнік гімназіі ў Чарнігаўскай губ. Вёў раскопкі ў Мінскім, Барысаўскім, Ігуменскім пав., у Пінску, Тураве, Слуцку. Абследаваў манастыры Слуцка, Пінска, Турава. Удзельнічаў у выданні зб. дакументаў «Мінская даўніна», у 4-м вып. якога апісаў дакументы Слуцкага Свята-Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. Апісаў Нікольскую царкву ў Смалявічах, Мінск у 17 ст., склаў радавод слуцкіх князёў Алелькавічаў і інш. Аўтар гісторыі Слуцка (рукапіс захоўваецца ў архіве Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі) і артыкулаў па гісторыі Беларусі, у якіх ухваляў дзейнасць правасл. царквы і царызму на Беларусі з вялікадзярж. клерыкальна-манархісцкіх пазіцый.
А.П.Грыцкевіч.
т. 15, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМЛЕ́Й Юліян Уладзіміравіч (21.2.1921, Масква — 4.6.1990),
рускі гісторык-славіст і этнограф. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. 1966), д-р гіст. н. (1965), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1966 дырэктар Ін-та этнаграфіі АН СССР. Чл. выканкома (1970—80) і віцэ-прэзідэнт (з 1980) Міжнар. саюза антрапал. і этнагр. навук; чл. Бюро Адміністрацыйнага савета (1968) і віцэ-прэзідэнт (з 1982) Міжнар. т-ва этналогіі і фальклору Еўропы. Даследаваў сярэдневяковую гісторыю Харватыі: «Сялянскае паўстанне 1573 г. ў Харватыі» (1959), «Станаўленне феадалізму ў Харватыі» (1964); тэорыю этнасу і этнічных працэсаў, гісторыю першабытнага грамадства, тэарэт. пытанні і сучасную праблематыку этнагр. навукі: «Сучасныя праблемы этнаграфіі» (1981), «Нарысы тэорыі этнасу» (1983), «Тэарэтычная этнаграфія» (1984, на англ. мове), «Чалавецтва — гэта народы» (з Р.Р.Падольным, 1990) і інш. У этнагр. працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. Дзярж. прэміі СССР 1981, 1987.
т. 3, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТРАМА́ЙЦІС (Baltramaitis) Сільвестр (20.11.1841, в. Манкішкяй Радвілішкскага р-на, Літва — 1918?),
літоўскі бібліёграф і этнограф. У 1869—1918 працаваў у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. У працах «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, этнаграфіі і статыстыкі Літвы» (1891) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1891, і «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, гісторыі, гісторыі права, статыстыкі і этнаграфіі Літвы» (2-е выд., 1904) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1903, зафіксаваў больш за 20 тыс. кніг, артыкулаў, рэцэнзій пра Літву і літоўскі народ, шырока паказаны і працы па беларусазнаўстве (П.Баброўскага, М.Без-Карніловіча, М.Доўнар-Запольскага, П.Жуковіча, Я.Карскага, М.Каяловіча, А.Кіркора, М.Любаўскага, А.Сапунова, Я.Тышкевіча, Я.Чачота, П.Шпілеўскага і інш.). Аўтар этнагр. працы пра літоўскія вясельныя абрады (1877, на рус. мове).
т. 2, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛАВА Галі Сямёнаўна (10.3.1904, г. Казань, Татарстан — 14.12.1991),
расійскі этнограф. Д-р гіст. н. (1963). Скончыла Маскоўскі ун-т (1924). Працавала ў Музеі Цэнтральнапрамысл. вобл., Музеі народаў СССР. У 1947—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Даследавала агульныя рысы і своеасаблівасць нар. адзення, арнаменту, вышыўкі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, абрадавыя функцыі нар. адзення ўсх.-слав. народаў, яго гісторыю, сац. сімволіку і эстэтыку. На матэрыялах адзення вывучала гіст.-культ. сувязі беларусаў з рускімі і ўкраінцамі, этнічныя працэсы ў СССР. Аўтар прац «Народнае адзенне рускіх, украінцаў і беларусаў у XIX — пачатку XX ст.» (1956), «Народнае адзенне ва ўсходне-славянскіх традыцыйных звычаях і абрадах XIX — пачатку XX ст.» (1984). Адзін з аўтараў працы «Сучасныя этнічныя працэсы ў СССР» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1981).
Тв.:
Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник. М., 1978.
М.Ф.Піліпенка.
т. 10, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЧАНКА Зінаіда Фёдараўна (1839, в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р-на — 18.3.1916),
бел. фалькларыстка і этнограф. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (1887). Збірала фальклор у Гомельскім пав. У прадмове да збору 1888 апісала матэрыяльны побыт сялян, абрады і звычаі (адзенне, ежа, пабудовы, вяселле, вячоркі, Купалле, Каляды, карагоды, жніво, талака і інш.). Запісвала бел. нар. мелодыі, прыказкі. Апубл. больш за 700 бел. нар. песень, у т. л. 180 з напевамі. Першая з даследчыкаў 19 ст. адзначыла двухгалоссе ў спевах беларусаў.
Тв.:
Сборник малорусских и белорусских песен Гомельского уезда, записанных для голоса с аккомпанементом фортепиано. Вып. 1. СПб., 1881;
Гомельские народные песни (белорусские и малорусские). Записаны в Дятловицкой волости Гомельского уезда Могилевской губ. Зинаидой Радченко, с приложением 83 местных пословиц. СПб., 1888;
Сборник малорусских и белорусских народных песен Могилевской губ. Гомельского уезда Дятловицкой волости (180 песен). СПб., 1911.
І.У.Саммевіч.
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕНФЕ́ЛЬД Аляксандр Аляксандравіч (25.10.1872, Мінск — ?),
бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у гімназіях Рэвеля (цяпер Талін), Пецярбурга. З 1898 у Пецярбургскім ун-це (з 1910 прыват-дацэнт), у 1912—14 кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў ун-та. У 1904 апубл. «Беларускія народныя песні», дзе матэрыял не мае строга навук. класіфікацыі і згрупаваны паводле месца запісу (у ваколіцы Радашковіч, у Семкавым Гарадку, Рубяжэвічах, Астрашыцкім Гарадку Мінскага пав., невял. колькасць песень з Барысаўскага і Рэчыцкага пав.). У асобныя групы вылучаны вясельныя, купальскія і пятроўскія песні. Зборнік цікавы ўзорамі каляндарна-абрадавай (асабліва жніўнымі, купальска-пятроўскімі і восеньскімі песнямі), вясельнай паэзіі, пазаабрадавай лірыкі, баладамі. Дакладна перададзены дыялектна-моўныя асаблівасці песень. Аўтар фальклорна-этнагр. эцюда «З жыцця беларуса», прысвечанага зажынкавым і дажынкавым абрадам, песням (рукапіс у архіве Геагр. т-ва ў С.-Пецярбургу).
А.С.Ліс.
т. 13, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРУ́ЗІН Аляксей Мікалаевіч (12.3.1864, Масква — 1933),
расійскі этнограф, археолаг і антраполаг. Вывучаў побыт паўд. славян, народаў Каўказа, Крыма і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у распрацоўцы навук. асноў этнагр. аддзела Рус. музея ў С.-Пецярбургу. У пач. 20 ст. працаваў у канцылярыі Віленскага ген.-губернатара, рэдагаваў перыяд. зб. «Виленский временник» і вывучаў бел. нар. жыллё. Сабраў значныя матэрыялы па традыц. жыллі беларусаў, пераважна з Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ. Аўтар працы «Славянскае жыллё ў Паўночна-Заходнім краі» (Вільня, 1907), у якой з пазіцый эвалюцыянізму разглядаў бел. жыллё ў кантэксце з жыллём інш. слав. народаў, гал. чынам паўд. і зах. славян.
Тв.:
Материалы по истории развития славянских жилищ. Жилище словинца Верхней Крайны // Живая старина. М., 1902. Вып. 3-4.
Літ.:
Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мн., 1970.
В.К.Бандарчык.
т. 16, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДЗЬКА Дамінік Цэзары (1800, б. маёнтак Яварова Віленскага пав. — 1863),
бел. фалькларыст, этнограф, літаратар. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Чл. т-ва філарэтаў. Зблізіўся з Я.Чачотам, Т.Занам. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Настаўнічаў у Вільні, на Случчыне. Апублікаваў успаміны і нататкі пра жыццё і дзейнасць К.Брадзінскага (1845), Я.Ходзьку (1858), Л.Бароўскага, Ю.Крашэўскага і інш., урывак са «Збору некаторых успамінаў... да гісторыі Віленскага ун-та. I. Віленская акадэмія ў часы езуітаў» (1862). Збіраў і апрацоўваў бел. вусную нар. творчасць. Аўтар працы пра рэкі Беларусі і Літвы (рукапіс перадаў Віленскай археал. камісіі). Супрацоўнічаў з А.Кіркорам, Я. і К. Тышкевічамі. Распрацаваў біяграфію З.Даленгі-Хадакоўскага і надрукаваў яе ў польскай энцыклапедыі Я.Глюксберга, потым у час. «Athenaeum» («Атэнэум», 1842, т. 1, 4) і «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік», 1857, № 2).
Г.А.Каханоўскі.
т. 17, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯКА́РСКІ Эдуард Карлавіч (25.10.1858, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —29.6.1934),
расійскі этнограф, географ, мовазнавец, фалькларыст. Чл.-кар. (1927), ганаровы акад. (1931) АН СССР. Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай і Чарнігаўскай гімназіях, Харкаўскім вет. ін-це (1877—88). За ўдзел у народніцкім руху арыштаваны (1879) і сасланы ў Якуцію. Удзельнік экспедыцый Усх.-Сібірскага аддзялення Рус. геагр. т-ва (РГТ, 1894—96) і Аяна-Нельканскай (1903). З 1905 працаваў у музеях Пецярбурга, з 1911 у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Рас. АН, з 1914 сакратар этнагр. аддзела РГТ, у апошнія гады жыцця ў у Ін-це усходазнаўства АН СССР. Аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору якутаў і тунгусаў. Асн. праца — «Слоўнік якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30; у сааўт.).
Літ.:
Э.К.Пекарский: (К 100 летию со дня рождения). Якутск, 1958;
Грыцкевіч В. Эдуард Пякарскі: Біягр. нарыс. Мн., 1989.
В.А.Ярмоленка.
т. 13, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ЙНІКАЎ Кузьма Паўлавіч (2.1.1898, в. Вял. Дак’я Вавожскага р-на, Удмурція — 1.11.1937),
удмурцкі пісьменнік, этнограф. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це (1922—25). Друкаваўся з 1914. Пісаў на удм. і рус. мовах пад псеўд. Кузебай Герд. Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958. У зб-ках вершаў «Гусляр» (1922), «Квітнеючая зямля» (1927), «Ступені» (1931) тэмы жыцця і працы удмуртаў, рэвалюцыі і грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Вайна» (1916), «Завод» (1921), «Дзесяць гадоў» (1931), п’ес, вершаў і апавяданняў для дзяцей, падручнікаў і кніг для пач. школы, артыкулаў і навук. прац па пытаннях фальклору, літ.-знаўства, лінгвістыкі, этнаграфіі, педагогікі. На удм. мову пераклаў верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (1915, апубл. 1922 пад наз. «Хто гэта?»).
Тв.:
Рус. пер. — В полете к солнцу: Стихи. Ижевск, 1989;
О ней я песнь пою: Стихи, статьи, письма. Ижевск, 1997.
Літ.:
Ермаков Ф.К. Кузебай Герд: Жизнь и творчество. Ижевск, 1996.
т. 17, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)