1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.
2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.
На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст.н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял.кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.
Літ.:
Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗМА АПТЫ́ЧНАЯ,
цела, абмежаванае плоскімі паверхнямі і празрыстае для аптычнага выпрамянення (святла) у пэўным інтэрвале частот (даўжынь хваль). Бывае дысперсійная (спектральная), адбівальная і палярызацыйная.
Дысперсійная П.а. прызначана для прасторавага раздзялення прамянёў з рознымі даўжынямі хваль. Яе дзеянне заснавана на залежнасці пераламлення паказчыка ад даўжыні хвалі святла (гл.Дысперсія святла). Адбівальная П.а. прызначана для змены напрамку светлавога пучка. Характэрная асаблівасць — святло ўнутры П.а. паслядоўна адбіваецца ад адной ці некалькіх яе граней і ў большасці выпадкаў гэта поўнае ўнутранае адбіццё. Выкарыстоўваецца ў аптычных сістэмах для змяншэння іх падоўжных памераў. Палярызацыйная П.а. служыць для атрымання плоскапалярызаванага святла (гл.Палярызацыя святла). Складаецца з 2 ці 3 трохгранных прызмаў, з якіх 1 (ці больш) зроблена з аптычна анізатропнага крышталю; складальныя склейваюць (канадскім бальзамам, гліцэрынай, рыцынай і інш.), часам яны раздзелены паветр. прамежкам. Святло падае на нахіленую мяжу падзелу двух асяроддзяў так, што ўмовы пераламлення для звычайнага і незвычайнага прамянёў (гл.Падвойнае праменепераламленне) розныя. У залежнасці ад асаблівасцей будовы П.а. могуць даваць 1 ці 2 выхадныя пучкі святла, палярызаваныя ва ўзаемна перпендыкулярных плоскасцях. Выкарыстоўваюцца як палярызатары і аналізатары.
В.В.Валяўка.
Схема ходу прамянёў у дысперсійнай прызме аптычнай: δ — вугал пераламлення; φ — вугал адхілення прамянёў, залежны ад даўжыні хвалі.Схема ходу прамянёў у адбівальнай прызме аптычнай: 1 — прамавугольная прызма; 2 — прызма Дове; 3 — рамбічная; 4 — пентапрызма.Схема ходу прамянёў у палярызацыйнай прызме аптычнай. Лініямі і кропкамі на крышталях паказаны аптычныя восі; стралкамі і кропкамі — напрамкі палярызацыі прамянёў у выхадных пучках: 1 — Ніколя; 2 — Рашона; 3 — Сенармона; 4 — Воластана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЕЎ (Валянцін Пятровіч) (28.1.1897, г. Адэса, Украіна — 12.4.1986),
расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Брат Я.П.Пятрова (гл.Ільф І. і Пятроў Я.). У 1955—61 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Востраў Эрэндорф», «Уладар жалеза» (абодва 1924), сатыр. аповесці «Растратчыкі» (1926, аднайм. п’еса 1928), камедыі «Квадратура круга» (1928), рамана-хронікі «Час, наперад!» (1932). У тэтралогіі «Хвалі Чорнага мора» (аповесці «Бялее ветразь адзінокі», 1936, «Хутарок у стэпе», 1956, «Зімовы вецер», 1960—61, «Катакомбы», 1949, 2-я рэд. 1951) героіка-рэв. тэма, імкненне паказаць гісторыю праз лёс чалавека. За аповесць «Сын палка» (1945, аднайм. кінафільм 1946) Дзярж. прэмія СССР 1946. Аўтар лірыка-філас. мемуарных твораў «Святы калодзеж» (1966), «Трава забыцця» (1967), «Кубік» (1969), «Алмазны мой вянец» (1979), «Ужо напісаны Вертэр» (1980). У «Юнацкім рамане майго старэйшага сябра Сашы Пчолкіна, расказаным ім самім» (1982), апавяданнях і нарысах «Пад Смаргонню», «Нашы будні», «Пісьмы адтуль» і інш.паказаны падзеі 1-й сусв. вайны на Беларусі. Аўтар нарысаў «Па Заходняй Беларусі» (1939). Творы К. вызначаюцца спалучэннем гераічнай патэтыкі і сатыры, лірыкі і гумару. Яго п’есы ставіліся на бел. сцэне (першая — «Авангард», 1930, БДТ-2). Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Н.Тарас, У.Краўчанка, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1983—86;
Бел.пер. — Сон: Апавяданне. Мн., 1938;
Я, сын працоўнага народа. Мн., 1938;
Сын палка. Мн., 1947;
Бялее ветразь адзінокі. Мн., 1949.
Літ.:
Скорино Л. Писатель и его время: Жизнь и творчество В.П. Катаева. М., 1965;
Галанов Б.Е. Валентин Катаев: Очерк творчества. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
драпе́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які корміцца іншымі жывёлінамі (пра звяроў, птушак і пад.). Драпежны звер. Судак — драпежная рыба. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы.Колас.// Які належыць, уласцівы такім жывёлінам. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася, на Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока.Даніленка.З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці.Колас.
2.перан. Поўны імкнення да нажывы; прагны, хцівы (пра чалавека). Драпежная натура. □ Постаць цара вынікала ва ўяўленні ў сваёй страшнай дваістасці: цар лагодны, партрэтны цар, і цар, паказаны ў кніжачцы, драпежны цар — ашуканец са злосна вышчаранымі зубамі, гатовымі грызці людское цела.Колас.// Які выражае прагнасць, сквапнасць, хцівасць. Драпежны выраз твару. Драпежны позірк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,
«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.
Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял.кн.ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.
Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».
Публ.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.
Літ.:
История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Алена Сямёнаўна) (н. 22.12.1922, в. Ліпнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыла Рагачоўскі настаўніцкі ін-т (1941) і БДУ (1946). Працавала ў Курскім абл. выд-ве, у час. «Работніца і сялянка» (1950—72), выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (1972—83). Друкуецца з 1947 (аповесць «У прасторах жыцця»). У цэнтры ўвагі пісьменніцы жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей (аповесць «Шляхі-дарогі», 1950; зб-кі апавяданняў «Блізкія знаёмыя», 1954; «Падслухала сэрца», 1960; «Пісар страявой часці», 1969; «Адно імгненне», 1974; «Мыс Добрай Надзеі», 1977; «Шурка Рэмзікаў», 1985, і інш.). Лепшыя апавяданні («Пані старшыніха прыехала», «Адно імгненне», «Зімовая дарога», «Марыула», «Падгор’е») вылучаюцца глыбінёй пранікнення ва ўнутр. свет чалавека, моцным маральна-этычным і грамадз. напаўненнем. На аўтабіягр. матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся...» (аповесці «Расці, Ганька», 1966; «Доля знойдзе цябе», 1967; «Новы свет», 1968; «Пачакай, затрымайся...», 1970; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), у якой паказаны нялёгкі шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны, духоўнае пасталенне чалавека. Аўтар кніг для дзяцей («Заўтра ў школу», 1956; «Сябры», 1958; «Калінавая рукавічка», 1963, і інш.). Творы Васілевіч дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэт. бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая нар. мова. Аўтар зб-каў эцюдаў, роздумаў, эсэ («Люблю, хвалююся — жыву...», 1986; «Элегія», 1988). Пераклала на бел. мову аповесць М.Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975), раман Д.Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976), аповесць Г.Башырава «Зялёная мая калыска» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1982—83.
Літ.:
Шкраба Р. Літаратура і мова. Мн., 1969. С. 304—316;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977. С. 91—125;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979. С. 88—114;
Яфімава М. Алена Васілевіч // Беларуская дзіцячая літаратура. Мн., 1980;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 27—29, 197—205.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Антоні Генрык) (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),
палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял.кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш.муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.В.Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.Шапэн (фп. трыо g-moll), М.Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац.акад. т-рам оперы, запісана на радыё.
Літ.:
Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;
Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;
Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;
Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;
Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЗНА́ЎСТВА,
вучэнне пра балоты, іх паходжанне, развіццё, будову і гасп. выкарыстанне. Мае батаніка-геаграфічны (фітацэналагічны) і тарфазнаўчы кірункі.
Балотазнаўства ўзнікла ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў Зах. Еўропе. Інтэнсіўна развівалася ў канцы 19 ст. ў сувязі з ростам меліярац. работ. Заснавальнік балотазнаўства ў Расіі — М.В.Ламаносаў, які даследаваў прыроду торфу. На Беларусі вывучэнне балотаў пачалося з Палесся (М.Бутрымовіч, 1772). Пазней была арганізавана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балотаў пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873—98), у якой прынялі ўдзел глебазнавец В.В.Дакучаеў і батанік Г.І.Танфільеў, што апублікаваў першую ў Расіі класіфікацыю балотаў і апісаў расліннасць балотаў Палесся (1899). У 1911 адкрыта Мінская балотная доследная станцыя. Беларусь стала цэнтрам вывучэння і практычнага выкарыстання балотаў Расіі.
У пач. 20 ст.вял. ўклад у развіццё балотазнаўства зрабілі бел. вучоныя У.М.Сукачоў, А.Ф.Флёраў, В.Р.Вільямс, У.С.Дактуроўскі і інш. У 1925—30 работы па акультурванні балотаў вялі А.Т.Кірсанаў, М.Ф.Лебядзевіч, І.С.Лупіновіч, С.Г.Скарапанаў, іх прадаўжалі А.П.Підоплічка, М.М.Бамбалаў, П.І.Бялькевіч, І.І.Ліштван, У.Я.Ракоўскі, А.В.Цішковіч і інш. Вывучаюць балоты ў НДІ меліярацыі і лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі і інш.н.-д. установах. Распрацавана карта тарфяных радовішчаў, абгрунтаваны сыравінныя базы бітумінозных тарфоў і паказаны ўмовы іх залягання. Даследаваны геагр. і экалагічныя асаблівасці развіцця некаторых сфагнавых комплексаў на вярховых балотах. Дадзены асн.генет. схемы развіцця тарфянікаў на тэр. рэспублікі. Вывучаюцца генезіс, глебаўтваральныя працэсы і раслінныя асацыяцыі балотаў, метады рэгулявання воднага рэжыму, праблемы, звязаныя з с.-г. выкарыстаннем асушаных балотаў, прамысл. асваеннем тарфяных радовішчаў і інш. На аснове даследаванняў па балотазнаўстве складаюцца праекты меліярацыі, выкарыстання торфу ў нар. гаспадарцы.
Літ.:
Підоплічка А.П., Смаляк Л.П. Даследаванні балотнай расліннасці Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,
пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.
Публ.:
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Пісні кохання. Київ, 1986.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;
Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПУ́ЦІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 15.3.1937, г.п. Усць-Уда Іркуцкай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, публіцыст. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Іркуцкі ун-т (1959). Да 1966 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1961. Прадстаўнік т.зв. вясковай прозы. У цэнтры аповесцей «Апошні тэрмін» (1970), «Развітанне з Мацёрай» (1976, фільм «Развітанне», 1986) трагічныя лёсы «сыходзячай» вясковай Русі, рэзкае проціпастаўленне вобразаў сялянак, захавальніц нац.-духоўных традыцый, тыпам напаўсялян-напаўгараджан, што страцілі карані; горыч ад уздзеяння тэхн. цывілізацыі на прыроду. Роздум над праблемай часу і месца чалавека ў ім у аповесці «Жыві і помні» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1977; опера К.Волкава). У аповесці «Пажар» (1985, Дзярж. прэмія СССР 1987) з болем паказаны трыумф «бескаранёвых» герояў. Аўтар аповесці «Грошы для Марыі» (1967), зб-каў апавяданняў «Край каля самага неба» (1966), «Век жыві — век любі» (1982), серыі апавяданняў пра сучаснасць, у т. л. «У тую ж зямлю...» (1996), кн. публіцыстычных артыкулаў «Расія: дні і часы» (1993), кн. нарысаў, інтэрв’ю, рэцэнзій «Што ў слове, што за словам?» (1987) і інш. Яго творам уласцівы глыбіня паказу жыцця, яркасць характараў, вастрыня пастаўленых праблем. Апавяданні «Васіль і Васіліса», «Урокі французскага» экранізаваны. П’есы паводле твораў Р. ставіліся на Беларусі: «Апошні тэрмін» — у Т-ры юнага гледача (1977), Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (1979), Дзярж.рус. т-ры (1980), «Грошы для Марыі» — у Гродзенскім абл.драм. т-ры, Магілёўскім абл.драм. т-ры (абодва 1978), «Жыві і помні» — у Гомельскім абл.драм. т-ры (1980). На бел. мову аповесці «Жыві і помні» і «Пажар» пераклаў М.Дубянецкі, апавяданне «Рудольфіо» — Т.Мартыненка.