КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),
польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыцце гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.Абуховіч, Г.Леўчык, Я.Купала, Т.Гардзялкоўская, З.Верас, Я.Дыла, А.Вялюгін, С.Дзяргай і інш., прозу — Я.Брыль, В.Каваль.
Тв.:
Бел.пер. — Дым. Вільня, 1908;
Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;
Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;
Рус.пер. — Соч.Т. 1-4 Мн., 1959.
Літ.:
Пиотровская АГ. Творческий путь М.Конопницкой. М., 1962;
Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.