ГІДРАГРА́ФІЯ

(ад гідра... + ...графія),

1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.

2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.

На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст. н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял. кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.

Літ.:

Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;

Блакітная кніга Беларусі. Мн., 1994.

А.А.Макарэвіч.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)