ШАШАЛЕ́ВІЧ Васіль Антонавіч (9.1.1897, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.10.1941),

бел. драматург. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Магілёве (1910—14), Яраслаўскім юрыд. ліцэі (1915—16). Настаўнічаў на Краснапольшчыне і ў Мінску (1917—24). У час працы ў Краснапольскай школе (1918) разам з сёстрамі і братам А.Мрыем стварыў тэатр. калектыў, для якога пісаў п’есы. Працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе. У 1930—31 і 1937—41 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1920-х г. На фалькл.-этнагр. матэрыяле напісаў казку-феерыю «Апраметная» (паст. Бел. драм. студыяй у Маскве, 1925, БДТ-2, 1926), у якой алегарычнымі сродкамі паказаў гіст. лёс Беларусі. Драмы «Змрок» (паст. БДТ-1, 1927), «Воўчыя ночы» (1928—29), «Рой» (1931) прысвечаны нараджэнню новых сац.-эканам. і паліт. узаемаадносін у бел. вёсцы. У антыфаш. драме «Сімфонія гневу» (паст. БДТ-1, 1935) паказаны трагічныя перыпетыі выжывання творчай інтэлігенцыі ў атмасферы таталітарнага рэжыму. На бел. мову пераклаў драм. жарты А.​Чэхава «Мядзведзь» і «Сватанне».

Тв.:

Рой // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. Мн., 1975. Т. 2;

Сімфонія гневу // Тэатр. Беларусь. 1992. № 4.

Літ.:

Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1984;

Яго ж. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986. С. 47—53;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;

Гісторыя беларускай літаратуры XX ст. Т. 2. 2 выд. Мн., 2002.

С.​С.​Лаўшук.

т. 17, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)