ВАДАСХО́ВІШЧА,

штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн. м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз. сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.

Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд. Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб. Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г, пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб. Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.

Літ.:

Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.

В.​В.​Дрозд.

Да арт. Вадасховішча. Возера-вадасховішча Люнерзе ў басейне р. Іль (Аўстрыя).
Да арт. Вадасховішча. Заслаўскае вадасховішча — адно з найбольшых у Беларусі.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Вілейскае мора,

у Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Вілія. За 5 км на У ад г. Вілейка, у месцы зліцця Віліі з рэкамі Сэрвач, Ілія і Касутка. Найб. штучны вадаём Беларусі, галаўное гідразбудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пабудавана ў 1973—75 для назапашвання вады, рэгулявання сцёку і павелічэння воднасці Свіслачы, стварэння зоны адпачынку. Пл. 64,6 км², даўж. 27 км, найб. шыр. 3,6 км, найб. глыб. 13,8 м. Чаша — затопленыя даліны Віліі і Іліі, ёсць 10 астравоў. Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна пад лесам. Берагавая лінія даўж. 137 км слаба парэзана, ёсць 4 буйныя залівы, у якія ўпадаюць рэкі.

Вілейскае вадасховішча знаходзіцца на Нарачана-Вілейскай нізіне. Вадазбор мае спадзістахвалісты рэльеф з асобнымі эолавымі формамі, пад лесам 35%, пад ворывам 30% плошчы. Берагі нізкія (0,5—1 м), актыўна размываюцца (на 25% даўжыні), месцамі замацаваныя. На паўд. беразе пясчаныя пляжы шыр. 50—100 м. Дно выслана пяском, месцамі торфам (15%). Аб’ём вады 238 млн. м³, поўнасцю запаўняецца ў крас.—чэрв. ў час веснавой паводкі. Сярэднегадавая амплітуда ваганняў узроўню вады 2 м. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў сярэдзіне красавіка. Таўшчыня лёду 60—70 см. Летам паверхневыя слаі вады праграюцца да 18—22 °C, на прыбярэжных і мелкаводных участках да 24 °C. Пераважаюць паўд.-зах. і зах. вятры. Пры скорасці ветру 3—5 м/с выш. хваль 0,2—0,5 м, найб. — 1,5 м пры зах. ветры, з якім звязаны найб. разгон хваль уздоўж вадасховішча. Празрыстасць вады павялічваецца ад 1—1,5 м у вярхоўях да 2,5 м каля плаціны. Зарастае нязначна (10% плошчы) урэчнікамі, вадзяной грэчкай і інш. У сярэдзіне чэрв. пачынаецца «цвіценне» вады пры масавым развіцці сіне-зялёных водарасцей, адміранне якіх увосень пагаршае якасць вады і вядзе да заглейвання дна. Вакол вадасховішча створана зона адпачынку. Выкарыстоўваецца для заняткаў водна-лыжным, водна-маторным, вяслярным і парусным спортам, для летняй і зімовай рыбнай лоўлі (водзяцца шчупак, акунь, лешч, сярэбраны карась, джгір, трохіголкавая колюшка, плотка, верхаводка). На астравах гняздуюцца качкі, чайкі (у т. л. чайка малая, занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі), у некаторыя гады — лебедзі.

Вілейскае вадасховішча.

т. 4, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крыні́ца, ‑ы, ж.

1. Натуральны выхад падземных вод на паверхню зямлі. Вуглякіслыя крыніцы. Мінеральныя крыніцы. Серавадародныя крыніцы. // Вадаём, які ўтвараецца на месцы выхаду падземных натуральных вод. Набраць вады ў крыніцы. □ Коціцца, ўецца далінкай крыніца, Б’ецца, плюскоча ў каменнях вадзіца. Купала.

2. перан.; чаго. Тое, з чаго бярэцца, чэрпаецца што‑н.; тое, што дае пачатак чаму‑н., служыць асновай для чаго‑н. Крыніца багацця. Крыніца радасцей. □ Народная, жывая мова, яе каларытная фразеалогія з’яўляюцца асноўнай крыніцай моўных сродкаў пісьменніка. Адамовіч. Прызнанне жыцця крыніцай мастацтва — асноўны прынцып рэалізму. У. Калеснік.

3. Спец. Пісьмовыя помнікі, дакументы, на аснове якіх пішуцца навуковыя даследаванні. Літаратурныя крыніцы.

•••

Біць крыніцай гл. біць.

Жывая крыніца — пра тое, што існуе ў сваім першапачатковым, натуральным стане. Стыхія народнай творчасці з дзіцячых гадоў акружала Самуіла Плаўніка, а беларуская мова яму была вядома з жывых крыніц.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́п Паглыблены і расшыраны вадаём; расшыраная частка канавы, дзе мыюць бялізну, пояць жывёлу, мочаць каноплі; паглыбленне, кар'ер, глінішча (Слаўг.). Тое ж раскоп'е, раскопінне, раскопішча, раскапані́чча (Слаўг.).

□ ур. Раскоп'е каля в. Урэчча Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ко́панка

1. Невялікі штучны вадаём для мачэння льну і іншых гаспадарчых патрэб; сажалка; яма з вадой (БРС).

2. Месца на возеры або рацэ, дзе мыюць бялізну (Палессе Талст.).

□ ручай Копанка Віц. (Рам. Мат.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Во́зера ’прыродны вадаём або штучны ставок’ (БРС, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., КТС); ’ста́рык на лузе’; ’крыніца’ (Яшк.). Рус. о́зеро, дыял. о́зер, укр. о́зеро, ст.-рус. озеро, ст.-слав. ѥзеро, ѥезерь, польск. jezioro, чэш. jezero, славац. jazero, в.-луж. jezor, н.-луж. jazor, каш. jezor, серб.-харв. jȅzero, славен. jezȇro, jȇzer м. р., jézera ж. р., балг. е́зеро ’возера; крыніца ў рацэ або вільготнай глебе’. Прасл. *ęzęra — форма з перагаласоўкай jezero (БЕР, 1, 482). Роднаснымі з’яўляюцца літ. ẽžeras, ãžeras ’возера, сажалка, стаў’, лат. ezers ’тс’, ст.-прус. aśsaran ’тс’ (Бернекер, 1, 455), грэч. Ἀχέρων ’найменне ракі ў апраметнай’, ἀχερούσία ’балоцістыя воды’ (Траўтман, 73). Далей ёсць падставы для збліжэння з слав. ezъ (гл. яз) (Мейе, BSL, 25, 11 і наст.; 29, 38 і наст.; БЕР, там жа; Слаўскі, 1, 571; Машынскі, JP, 37, 299; Тапароў, Прус., 131 і наст.). Гл. таксама Фасмер, 3, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рага́тка

1. Загарода на дарозе; застава, шлагбаум (Слаўг.).

2. Выступ сушы, які ўдаецца ў вадаём (Слаўг.).

3. Скрыжаванне дарог (Слаўг.).

□ ур. Рага́цік (луг) каля в. Крамянка Слаўг., Рага́ткі (месца, дзе сыходзяцца рагі вуліц) у в. Любаны Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

зыбіна́ Дрыгва, зыбкае балота; забалочаны вадаём, на паверхні якога ўтварыўся раслінны дзірвановы пласт; плаў (Слаўг.). Тое ж зыбе́нь (Віц. Рам. Мат.), зыбі́чына́, зыбката́, зы́бчасць (Слаўг.), зыбу́н (Докш., Дрыс., Крыв., Пл., Пол., Шарк. ДАБМ), зы́баўка (Мядз. ДАБМ), зыбе́ча, зы́бша (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

water​1 [ˈwɔ:tə] n.

1. вада́;

fresh/boiled/drinkingwater прэ́сная/гатава́ная/пітна́я вада́;

a piece of water вадаём;

the head of water напо́р вады́

2. pl.waters во́ды; мо́ра; акія́н;

across the waters за мо́рам, за акія́нам;

drink the waters піць лячэ́бныя во́ды (на курорце)

3. узро́вень вады́;

high water по́ўная вада́, прылі́ў;

low water ні́зкая вада́; адлі́ў

♦

spend money like water infml раскі́двацца грашы́ма;

still waters run deep ≅ ці́хая вада́ берагі́ рве;

be in/get into hot water;

be in low waters сядзе́ць на ме́лі;

by water па вадзе́;

keep one’s head above water адо́льваць ця́жкасці;

(like) water off a duck’s back infml як з гу́сі вада́

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

са́жалка

1. Капаны вадаём, невялікае штучнае возера (БРС). Тое ж са́джалка (Азяр. Касп.), са́джаўка (Сядл. Бес., 146); пасля 1861 г. штучны вадаём для мачэння толькі льну (Віц. Нік. 1895).

2. Рыбны садок (БРС); глыбокае месца, дзе вядзецца рыба (Олтушскае возера Палессе Талст.). Тое ж са́джаўка (Зах. Палессе Талст.), са́жаўка (Бельск. ПНР, Гродз., Нас.).

3. Старык ці прыродная з вадой упадзіна (Паст.), круглая яма (Стол.).

4. Палонка ў лёдзе на рацэ (Нас.).

□ Е́дмусева са́жалка каля в. Драгунск Рагач., ур. Марозавы Сажалкі (востраў на балоце Чыстая Лужа) каля в. Кульшычы Слаўг., ур. Сажалкі каля в. Любаны Слаўг., ур. Дзедава Сажалка Мсцісл. (Юрч.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)