натуральнае (возера) або штучнае (вадасховішча, сажалка, копанка) паглыбленне зямной паверхні, запоўненае бяссцёкавымі або з запаволеным сцёкам водамі. Бываюць пастаянныя або часовыя. Паводле хім. саставу і колькасці раствораных у вадзе соляў падзяляюцца на прэсныя і салёныя. У шырокім сэнсе пад вадаёмам разумеюць мора, акіян. Вывучае вадаёмы гідралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ-МУСА́ТАЎ (Віктар Эльпідзіфоравіч) (14.4.1870, г. Саратаў, Расія — 8.11.1905),
рускі мастак. У 1890—91 і 1893—95 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1891—93 у Пецярбургскай АМ. З 1899 член і адзін з кіраўнікоў Маскоўскага т-ва мастакоў, з 1904 член «Саюза рускіх мастакоў». Выпрацоўваў своеасаблівую жывапісную манеру, заснаваную на вытанчана-прыглушанай гармоніі каларыту, блізкага да пастэлі, на спалучэнні глыбока індывід. перапрацоўкі пленэрнага жывапісу з дэкаратыўнасцю агульнага вырашэння карціны. Асн. творы: «Майскія кветкі» (1894), «Агава» (1897), «Габелен» (1901), «Вадаём» (1902), «Ізумрудныя каралі» (1903—04), «Куст арэшніку» (1905). Яго творчасць паўплывала на станаўленне сімвалізму ў рус. жывапісе пач. 20 ст., асабліва на мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСЫККО́ЛЬ, Гнілое возера,
возера ў Сяміпалацінскай і Талды-Курганскай абл. Казахстана, на У ад воз. Балхаш. Размешчана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне на выш. 347 м. Пл. 736 км². Глыб. да 4,7 м. Плошча і глыбіня зменлівыя. Берагі нізінныя, ва ўсх.ч. моцна забалочаныя. Замярзае ў ліст., крыгалом у красавіку. Упадаюць рэкі Тэнтэк і Каракол; пратокай злучана з воз. Уялы. У мнагаводныя гады С. зліваецца з азёрамі Уялы і Алаколь у адзін вадаём. Рыбалоўства. Промысел андатры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН (франц. bassin),
1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.
2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб.спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.
Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 × 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у ваду даўж. 18—20 і шыр. 14 × 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.
Да арт.Басейн. Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вялікае Арэхаўскае,
у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Аршыца, за 20 км на Поўнач ад Оршы. Плошча 2,11 км², даўжыня 3,93 км, найбольшая шырыня 1,08 км, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня берагавой лініі 10,8 км. Плошча вадазбору 33,4 км².
Схілы вышынёй 2—5 м, пад лесам, на ПнЗ вышынёй да 10—15 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком, на У і ПнУ высокія, стромкія. Востраў плошчай 2,4 га. Берагавая водмель пясчаная, дно выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. Упадае рака Чорная, выцякае рака Аршыца. Возера — вадаём-ахаладжальнік БелДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАЛКА,
штучны вадаём невялікіх памераў (звычайна плошча да 1 км²). Ствараюцца шляхам перагароджвання плацінамі малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем тэрыторыі па-за межамі рэчышча — у катлавінах, лагчынах і інш. паніжэннях рэльефу, у штучных выемках. Акумулююць мясц. сцёк. Прызначаны для арашэння, увільгатнення с.-г. угоддзяў, гасп.-быт., проціпажарных і рэкрэацыйных мэт, рыбагадоўлі (гл.Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі). На Беларусі каля 1200 С. Сканцэнтраваны пераважна ў цэнтр.ч., дзе менш натуральных вадаёмаў. Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярыста-лагчынныя, кар’ерныя, наліўныя. Найб. пашыраны рачныя С., большасць іх у вярхоўях вадацёкаў. У адрозненне ад вадасховішчаў маюць адносна ўстойлівы ўзроўневы рэжым.