мало́ць, мялю, мелеш, меле; незак., што і без дап.
1. Раздрабняць зерне, ператвараючы ў муку, парашок; размолваць. Малоць жыта. Малоць перац. □ [Мікіта:] — Чаго толькі [паравік] не рабіў! І малоў, і малаціў, і крупы драў, і паліваў. Ракітны. // Раздрабняць што‑н., ператвараючы ў дробную аднародную масу. Малоць руду.
2. перан. Разм. Балабоніць, балбатаць, гаварыць абы-што. Болесь завёў мяне ў свой пакой .. і бясконца малоў мне пра сябе самога і пра сваіх родных. Гарэцкі. [Таня:] — Знаеш жа, што твая гутарка пустая, а ўсё мелеш. Новікаў.
•••
Ваду малоць — займацца пустаслоўем, гаварыльняй.
Малоць лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).
Малоць языком — тое, што і малоць (у 2 знач.).
малаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак.
1. што і без дап. Выкалочваць, выбіваць зерне з каласоў, стручкоў і інш. цапамі, пры дапамозе малатарні ці камбайна. Малаціць ячмень у гумне. Малаціць гарох. □ Тут [на полі] камбайны і жнуць, І малоцяць услед... Журба.
2. перан.; чым, па чым, у што. Разм. Удараць, стукаць. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы. Лынькоў. [Барташэвіч] раз’юшыўся і стаў малаціць нагамі і рукамі куды папала. Карпюк. // каго і без дап. Біць, збіваць, наносячы частыя ўдары. «Біць [маці] будзе, — падумаў Лёня Сокал.. — Як пачне малаціць, дык уцячы не паспееш». Нядзведскі.
3. перан.; што. Разм. Разбіваць, ламаць. Юзік ухапіў дзеравяны малаток і пачаў малаціць вокны. Мурашка. // каго. Забіваць, знішчаць. І пайшлі воіны ў атаку, рынуліся калоць, малаціць цемрашалаў. Бялевіч.
4. перан. Разм. Хутка гаварыць, лапатаць. Пачаў [старшыня гаварыць] ціха, спакойна, а потым як пайшоў, як пайшоў малаціць! Здатны на гаворку! Савіцкі.