Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хусці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш.-ласк. да хусціна; невялікая хустка. Як крылы белых чаек, трапечуць на галовах жанчын хусцінкі. Кандрусевіч. Валасы.. [дзяўчыны] густа выбіваліся з-пад сіняй хусцінкі, завязанай рагамі пад барадой. Чорны.

2. Тое, што і хустачка (у 2 знач.). Ён вымае мне са скрынкі Шоўкам вышыты кісет, Дзве квадратныя хусцінкі І малюсенькі пакет. Глебка. [Архіп] дастаў з кішэні чыстую хусцінку, загарнуў хлеб і паклаў у торбачку. Гамолка.

ху́тар, ‑а, м.

Адасоблены сялянскі зямельны ўчастак разам з сядзібай уладальніка. [Максімка:] Адкуль вы [Шахоўскія] ўзялі столькі злотых, каб прыбраць суседскі хутар? Гурскі. Дзякуючы ўдалай жаніцьбе [з дачкой] багатага кулака ў .. [Яцыны] ёсць добры хутар і нядрэнная гаспадарка. Машара.

[Ад венг. határ.]

хутара́нец, ‑нца, м.

Разм. Тое, што і хутаранін. Большасць карэнных местачкоўцаў, асабліва мужчын, яшчэ ў калектывізацыю падаліся на чыгунку — у стрэлачнікі, грузчыкі, — Заслужылі да пенсіі, а з былых хутаранцаў за доўгія гады ў заработкі мала хто пайшоў: іх як бы не пускала зямля, што ляжала адразу за хатамі і агародамі. Навуменка. Варанецкі ведаў, што не толькі Выжлік, але многія хутаранцы папасвалі жывёлу на калгасных пасевах. Дуброўскі.

хутара́нін, ‑а; мн. хутаране, ‑ан; м.

Уладальнік хутара. І зямля была не роўная: жоўты пясок, камяністыя ўзгоркі, .. і толькі месцамі трапляліся кавалкі добрай зямлі. Лепшыя землі захапілі пасялкоўцы і хутаране, а яшчэ лепшая зямля была пад панскім маёнткам, дзе заснаваўся цяпер саўгас «Чырвоны шлях». Колас.

хутара́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да хутаранін.

хутара́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хутараніна, належыць яму. [Уладзя] тады наўмысля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну. Чорны.

ху́тарны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і хутарскі. Хутарная забудова.

хутаро́к, ‑рка, м.

Памянш. да хутар. На другі дзень, раніцай, на невялікім хутарку.. [Грэчку] удалося дастаць крыху хлеба. Мележ. Насупраць хутарка паляўнічага Вышамірскага, на зямлі карчмара стаяла пустая хата. Бядуля.

хутарскі́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да хутара. Хутарскія будынкі. □ Дзень добры, роднае сяло! Бывай, сядзіба хутарская!.. Арочка. // Які жыве на хутары. На дварэ вусаты дзядзька — хутарскі гаспадар — ладзіў воз. Чорны. І мы з табою закахацца Паспелі ў хутарскіх дзяўчат. Панчанка. // Уласцівы хутараніну, жыццю на хутары. І як жа тут сказаць ёй, Людзе, пра ўсё, як яе вырваць адгэтуль, з гэтай старой глухамані, з гэтай хутарской ідыліі, у якую яна і сама, здаецца, урастае з прыемнасцю? Брыль. [Рыгор] не замыкаўся ў сваёй хутарской адзіноце. Сабаленка.

хутарыза́цыя, ‑і, ж.

Перасяленне сялян з вёсак на хутары. У час правядзення хутарызацыі і Анупрэй і Нічыпар разам з беднатою выступаюць супраць каморнікаў і паліцыі, змагаюцца за агульныя інтарэсы сялянства. Гіст. бел. сав. літ.