Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хунху́з, ‑а, м.

Удзельнік шайкі бандытаў, грабежнікаў (у феадальна-буржуазным Кітаі).

[Кіт.]

хунху́зскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хунхуза.

хупа́вы, ‑ая, ‑ае.

Прыгожы, спрытны. Дзіва дый годзе: неаднойчы ён бачыў Зосю і толькі цяпер угледзеў такою, якая яна ёсць — стройную, хупавую і, галоўнае, добрую-добрую. Сабаленка.

хура́л, ‑а, м.

Выбарны орган вярхоўнай і мясцовай улады ў Мангольскай Народнай Рэспубліцы.

[Манг.]

хурма́, ‑ы, ж.

1. Субтрапічнае і трапічнае пладовае дрэва ці куст сямейства эбенавых.

2. Аранжава-чырвоны салодкі, даўкага смаку плод гэтага дрэва, куста.

[Перс. hurmā — фінік.]

ху́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Вялікая хустка. Адна дзяўчына ў ружовай хусце Званчэй за ўсіх жартуе і смяецца. Панчанка.

ху́стачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да хустка; невялікая хустка. І калі заўважаў.. [Алёшка] знаёмую стракатую хустачку, жоўты паўкажуш[а]к з вышытымі ўзорамі, ён нібы незнарок з’яўляўся ў шырокім вестыбюлі. Лынькоў. Хустачка ў Яніны ад хады ссунулася на патыліцу. Мурашка.

2. Невялікі кусок тканіны квадратнай формы для выцірання носа, твару, вачэй. [Шырокі] энергічна махаў рукамі, соп, жаліўся на гарачыню, знімаў сваю белую шапку з двума значкамі і хустачкаю абціраў коратка астрыжаную галаву. Колас. [Прамоўца] абцёр лоб хустачкаю і адышоў на сваё месца. Гартны.

ху́стачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хусткі, прызначаны на хусткі. Хустачная тканіна.

ху́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Кусок тканіны ці вязанага палатна, часцей квадратнай формы, які завязваецца на галаву, шыю ці накідваецца на плечы. Як толькі сцямнела, Аня пакінула хустку і ціха выйшла з хаты. Мележ. Старая на хвіліну змоўкла, перавязала хустку на галаве. Бядуля.

хусці́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і хустка. Прылеглі ля школьнага ганка цяжкія каменныя львы. Слязу выцірае сялянка, хусціну зняла з галавы. Вялюгін. Ад калыскі знаёмыя рэчы Ён па-іншаму ў хаце заве. Маці туліць хусцінаю плечы: «Што ж, і пэўна... не ў вёсцы жыве». Гілевіч.