Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ху́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хукаць.

хулаху́п, ‑а, м.

1. Гімнастычны абруч, які круцяць вакол тулава.

2. Фізічныя практыкаванні, кручэнне абруча вакол цела без дапамогі рук.

[Ад hula — назва палінезійскага народнага танца і англ. hoop — абруч.]

хуліга́н, ‑а, м.

Той, хто груба парушае грамадскі парадак; хто займаецца хуліганствам. П’яныя хуліганы ўзнялі на танцавальнай пляцоўцы дэбош. «Звязда». // Дзёрзкі свавольнік, гарэза. — Ты што гэта, хуліган, грады мне топчаш? — закрычала.. [цётка] на ўвесь голас. — Я ж табе пакажу! Якімовіч.

[Англ. hooligan.]

хуліга́ністы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Схільны да хуліганства. У яго ёсць свая кампанія з хлопцаў, сярод якіх — і асабісты непрыяцель Мішы з свайго ж двара, шасцікласнік-другагоднік Паўка, хлапец зухаваты, хуліганісты, задзірлівы. Хадкевіч.

2. Такі, як у хулігана. Хуліганісты выгляд.

хуліга́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Груба парушаць грамадскі парадак; займацца хуліганствам. [Дырэктар:] — Учора ўночы, пасля вашай нарады, некалькі студэнтаў хуліганіла, не давала спаць выкладчыкам: набралі лыжы і з’язджалі з трэцяга паверха па сходах. Карпюк. // Дзёрзка свавольнічаць. Вам усё бясплатна і ўволю. Вы... вы дармаеды! Вось! І яшчэ хуліганіце. Нядзведскі.

хуліга́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да хуліган.

хуліганнё, ‑я, н., зб.

Разм. Хуліганы. [Галіна:] «Ён жа .. [Толік] дружыннік і рознае хуліганнё і наогул усялякая погань баіцца яго як агню». Васілёнак.

хуліга́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хулігана, уласцівы яму. Хто-хто. □ Янук добра разумее сапраўдны сэнс хуліганскага ўчынку Гарыдаўца. Бярозкін.

хуліга́нства, ‑а, н.

Грубае парушэнне правіл грамадскага парадку, якое выражае яўную непавагу да грамадства, да годнасці чалавека; крайняе бясчынства. З’явіўся ў вёсцы і першы паліцэйскі. Гэта быў .. Міцька Заяц, які да вайны паспрабаваў не адну спецыяльнасць і адусюль яго выганялі за п’янкі і хуліганства. Шамякін.

ху́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.

1. У Іспаніі і краінах Лацінскай Амерыкі — назва розных аб’яднанняў, груповак, саюзаў.

2. Ваенная рэакцыйная тэрарыстычная групоўка. Ваенная хунта.

[Ісп. junta.]