хто́сьці, кагосьці, камусьці, кагосьці, кімсьці, аб кімсьці, займ. неазначальны.
1. Невядома які чалавек; нехта. Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Мележ. На дарозе глухой Палявой Ён [хлопчык] убачыў з сястрой Кімсьці кінуты воз. Куляшоў. // Адзін з прысутных (не ўказваючы хто). — Вады! — крыкнуў хтосьці з гурту дзяцей. Якімовіч. Хтосьці з хлопцаў ступіў крок наперад і гучна спытаў: — А што тут будзе? Шыловіч.
2. Які‑н. чалавек, усё роўна хто. Толькі часамі ім апаноўвала ажыўленне, у .. [Міхала] з’яўлялася патрэба штосьці камусьці расказваць. Чорны.
хто-ко́лечы, каго-колечы і пад. (гл. хто), займ. неазначальны.
Абл. Хто-небудзь. [Андрэй:] — А вось разгледжуся трохі, прыслухаюся. З кім-колечы параюся, як яно, дзе і што — можа, што-небудзь і надарыцца. Колас.
хто-ко́львек, каго-кольвек і пад. (гл. хто), займ. неазначальны.
Абл. Хто-небудзь. Заўтра ў мяне адзін урок, падменіць хто-кольвек. Марціновіч.
хто-не́будзь, каго-небудзь і пад. (гл. хто), займ. неазначальны.
Які-небудзь чалавек, усё роўна хто. [Левановіч:] У Маскву каму-небудзь сапраўды прыйдзецца паехаць. Крапіва. — Хто-небудзь купляе? — запытаўся Мікола, паказваючы на розныя танныя нацюрморты і пейзажы. Якімовіч.
хто-ніхто́, каго-нікаго, каму-нікаму, каго-нікаго, кім-нікім, аб кім-нікім, займ. неазначальны.
Хто-небудзь з людзей; некаторыя людзі. Хто-ніхто выходзіў араць на зіму, сеяць жыта, капаць бульбу. Каваленка. Хто-ніхто з хлопцаў не саромеўся без запрашэння, без тостаў каштаваць пастаўленае на сталы пітво, але толькі ў тым пакоі, які адводзіўся для моладзі. Шамякін.
худава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху худы. [Якім] шырока размахнуўся, здзеў з сваіх худаватых плеч шэрую .. світку. Нікановіч.
хударля́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан хударлявага. Хударлявасць твару.
хударля́вы, ‑ая, ‑ае.
Сухарлявы, крыху худы. Твар у лейтэнанта быў зусім юначы, хударлявыя шчокі прасвечвалі румянцам. Хадкевіч. [Усмешка] заўсёды блукала на .. хударлявым і дробным твары [Дзяміда], хаваючыся ў каротка падстрыжаных вусах. В. Вольскі. Пятро паволі падышоў да Лены і моўчкі паціснуў яе хударлявую руку. Ваданосаў. [Нічыпар] падобны на цыганчука — хударлявы, смуглы, са жвавымі бліскуча-чорнымі вачыма. Мележ. Дарога ішла лесам. Паабапал раслі хударлявыя сасонкі і пакалечаныя бярозкі. Гаўрылкін.
худасо́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Схуднелы, змарнелы. Касцёл сябры мінулі І ў сквер зялёны павярнулі.. І люду мноства тут хадзіла, Найболей моладзь гарадская, Ды худасочная, благая. Колас.
2. Слабы, кволы (аб раслінах). Худасочнае дрэўца. // Бедны, спустошаны (пра глебу). Такое [жыта] ніколі не вырасце на худасочных мінеральных глебах. Паслядовіч.
3. перан. Прымітыўны, слабы, нежыццёвы. Купалаўская канцэпцыя чалавека ў паэме «Яна і я» куды багацейшая за ўсе худасочныя схемы. Бярозкін. Хемінгуэй бачыў у Талстым узор.., якому арганічна варожыя фальш, танныя сантыменты, самаздаволенасць, пустая ганарыстасць, падмена жывога жыцця худасочным тэарэтызаваннем наконт яго. М. Стральцоў.