Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хрэ́снік, ‑а, м.

Уст. Тое, што і хроснік.

хрэ́сніца, ‑ы, ж.

Уст. Жан. да хрэснік.

хрэ́сны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Звязаны з абрадам хрышчэння. Нованароджаны двойчы запісаны ў хрэсныя кнігі Ялаўскага прыходскага касцёла за 1838 г. Г. Кісялёў.

•••

Хрэсны ход гл. ход.

хрэстаматы́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хрэстаматыйнага. Хрэстаматыйнасцю, у горшым разуменні гэтага слова, адзначаны некаторыя пейзажныя вершы Грамыкі, напрыклад, не ў меру перасалоджаныя «Кветачкі» (1925). Бярозкін.

хрэстаматы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хрэстаматыі, які з’яўляецца хрэстаматыяй. Хрэстаматыйны матэрыял. // Такі, як у хрэстаматыі; вельмі просты. Хрэстаматыйная дакладнасць.

хрэстама́тыя, ‑і, ж.

Вучэбны дапаможнік, які ўяўляе сабою зборнік выбраных твораў або ўрыўкаў з іх. [Турсевіч:] — Ты ведаеш [Андрэй] апавяданне са школьнай хрэстаматыі, як хлопчык раскрываў пупышкі, бутоны кветак, каб яны хутчэй зацвілі на клумбе. Колас. Трое [вучняў], трохі збіваючыся, заглядаючы ў хрэстаматыю, нараспеў дэкламуюць. Навуменка.

[Грэч. chrēstomátheia ад chrēstós — карысны і manthánō — вывучаю.]

хрэ́сьбінны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хрэсьбін. Ці ж не такой цябе [песня] я ведаў: За шумным хрэсьбінным сталом Ты весяліла ўсю бяседу, Ажно звінеў, бы шклянка, дом. Гілевіч.

хрэ́сьбіны, ‑бін; адз. няма.

Тое, што і хрысціны. [Міхалка:] — Бярэ [поп] за хрэсьбіны, бярэ за шлюб, бярэ і за хаўтуры. Усё дай і дай. Бядуля. У маладосці, бывала, Сынклета не тое, што на кірмаш, на хрэсьбіны адна не пойдзе. Гроднеў. / у перан. ужыв. [Колас:] — У «Нашай долі» адбыліся мае літаратурныя хрэсьбіны, стаў называцца Коласам. Лужанін.

хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго‑н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага. Колас. — Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны? Чорны. / У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?. Бядуля. / У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі? Корбан.

2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот.

3. неазначальны. Разм. Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі! Шыловіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць. Шамякін.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне! Танк. — Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда. Машара. У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару. Мурашка.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Мележ. Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў. Хведаровіч.

7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі. Брыль. Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.

•••

Мала хто — нямногія.

Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.

Хто дзе — у розных месцах.

Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.

Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча. Навуменка.

Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго‑н.; абы-хто, хто прыйдзецца.

Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.

Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.

Хто што — адзін адно, другі другое.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць. Асіпенка.

Хто як — адзін так, другія інакш.

хтось, кагось, камусь, кагось, кімсь, аб кімсь, займ. неазначальны.

Тое, што і хтосьці. Узлескам ранняю парою, Туды, дзе хтось траву касіў, На луг стары, да вадапою Усёй сям’ёй ідуць ласі. Прыходзька.