Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

канцэнтра́т, ‑у, М ‑раце, м.

1. Спецыяльна апрацаваны сухі прадукт, зручны для захоўвання і хуткага прыгатавання ежы. Харчовыя канцэнтраты. Канцэнтрат кашы. Малочны канцэнтрат.

2. Корм высокай пажыўнасці для жывёлы (напрыклад, зерне, макуха, вотруб’е). — Вось пры саўгасе, — гаварыла далей жанчына, — сталі прывозіць пад вясну канцэнтраты, дык і хвароб на ферме паменшала. Кулакоўскі.

3. Прадукт абагачэння карыснага выкапня шляхам канцэнтрацыі.

карабо́к, ‑бка, м.

1. Невялікі кораб (у 1 знач.). Ссыпаць зерне ў карабок.

2. Невялікая стандартная каробка для запалак, алоўкаў і пад. Пачулася шорганне запалкі аб карабок. Пальчэўскі. На стале ляжала ў кардонным карабку даміно. Марціновіч.

3. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Адзін цагляны карабок нагадваў, што некалі тут, на беразе Дняпра, узвышаўся прыгожы будынак. Чыгрынаў.

наклю́нуцца, ‑нецца; зак.

1. Стаць прабітым дзюбай (пра шкарлупіну яец, з якіх вылупліваюцца птушаняты).

2. Пачаць прарастаць, распускацца (пра зерне, пупышкі). Кроплі шумна капалі з галінкі, і ўся бярозка варушылася, быццам ад ветру. Яе шакаладныя пупышкі ўжо наклюнуліся. Хомчанка.

3. перан. Разм. Выпадкова трапіцца, абазначыцца, намеціцца. Наклюнулася добрая работа. □ [Лашук:] — Заўтра канчаткова рашу, ці можна прымяніць тут адзін варыянт. Сёе-тое ўжо наклюнулася. Новікаў.

разапрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Размякнуць, разбухнуць ад цяпла і вільгаці. Зерне разапрэла. □ [Барысаў] глядзеў з-пад рукі на лысыя курганы, на Сарочы лес. — Зямля разапрэла, дыміцца... Любата!.. Няхай.

2. Разм. Моцна спацець, распарыцца. Усе так разапрэлі, што пот цурком ліўся па тварах. Бядуля. [Люба] разапрэла ад пары з вядра, жмурыць вочы ад дыму. Карпюк.

ссы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. ссыпа́ць — ссы́паць (у 1 знач.).

2. Разм. Уст. Зерне, якое здавалі бацькі вучняў сельскіх школ на патрэбы школы. [Саханюк:] — Я грунтуюся на цыркуляры дырэкцыі народных вучылішчаў, які зазначае, што раз была пастанова валаснога сходу даваць ссыпку, дык ваша вёска не мае права яе адабраць. Вось чаму я і прыехаў забраць гэту ссыпку. Колас.

стаўчы́, стаўку, стаўчэш, стаўчэ; стаўчом, стаўчаце, стаўкуць; пр. стоўк, стаўкла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Раздрабняючы, ператварыць у парашок, зрабіць мяккім. Стаўчы соль. □ [Ульяна] выцягнула з печы чыгун з бульбай, абхапіла яго анучай і вынесла ў сенцы. Потым вярнулася, узяла качаргу, пайшла таўчы тую бульбу. — Давай я — узяўся [Кастусь] за качаргу .. [Ульяна:] — Як стаўчэш, дык накрый карыта анучай. Гаўрылкін.

2. Ачысціўшы зерне ад шалупіння, перапрацаваць яго на крупы. Стаўчы ячмень.

3. Вытаптаць, здратаваць, змясіць нагамі. Каровы стаўклі авёс. // Разм. Давесці да беспарадку (пра пасцель). Дзеці стаўклі ложак.

4. Разм. Збіць, пабіць каго‑н. [Рыжы:] — Я цябе стаўку на горкі яблык, можаш быць пэўны! Карпюк.

5. Таўкучы, змяшаць што‑н. з чым‑н. Стаўчы каляндру з перцам для прыправы. □ Распаранае зерне жыта, аўса, пшаніцы, гароху, рысу стаўчыце ў драўлянай ступе і, прыправіўшы адной-дзвюма лыжкамі алею, перамяшайце з мукой або вотруб’ем. Матрунёнак.

абцерушы́ць, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак., што.

1. Абтрэсці, абабіць (снег, пыл і пад.) з чаго‑н. Мацей Кулеш.. ля парога абцерушыў з шапкі і з каўняра мокры снег. Шамякін. Хлопцы падняліся бледныя, разгубленыя, моўчкі абцерушылі пясок са штаноў і кашуляў і гэтак жа моўчкі рушылі далей. Якімовіч.

2. Памяўшы, аддзяліць (пра зерне, колас). [Пятро] працягнуў руку, сарваў пару каласоў і, абцерушыўшы іх, пяшчотна перасыпаў буйныя залатыя зерні. Шамякін.

збо́жжа, ‑а, н.

1. Агульная назва хлебных злакавых раслін, з зерня якіх вырабляецца мука і крупы. Пасеяць збожжа. □ У збожжа ўсякая ніва прыбралася, — Хараства там якога няма! Купала. Збожжа прагна лавіла ўзнятымі каласамі сонечнае праменне. Гартны.

2. зб. Зерне, насенне гэтых раслін. Ссыпаць збожжа ў засекі. Змалоць збожжа. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка.

перадра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак.

Разм.

1. што. Разадраць папалам, на часткі. [Партызан] з сілаю рвануў паперу надвое, пасля яшчэ раз перадраў, кінуў на падлогу. Арабей.

2. што. Падраць, разадраць усё, многае. // Падраць, доўга носячы што‑н.

3. каго. Задраць, забіць усіх, многіх (пра драпежных птушак і жывёл).

4. што. Працерці на тарцы ўсё, многае. Перадраць усю бульбу.

5. што. Ачысціць ад шалупіння зерне, робячы крупы.

умало́т, ‑у, М ‑лоце, м.

Колькасць зерня, якое дае збажына пры абмалоце; абмалочанае зерне. Умалот з гектара. □ Слаўся ж, восень ты наша, Дарамі багатымі, Умалотам у гумнах І новымі хатамі. Танк. Проса ж будзе — як трысцё там, з вельмі добрым умалотам. Дубоўка. // Наогул — ураджай. Да новага жніва і ўмалоту На хлебе з асцюкоў і лебяды Цягнулі моўчкі чорную работу Падлеткі, маладзіцы і дзяды. Грахоўскі.