хрысціянізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Кніжн. Падвергнуць (падвяргаць) хрысціянізацыі.
хрысціяніза́цыя, ‑і, ж.
Кніжн.
1. Пераварочванне ў хрысціянства, распаўсюджанне дзе‑н. хрысціянства. Хрысціянізацыя народаў Сібіры.
2. Наданне чаму‑н. характару, які адпавядае патрабаванням хрысціянскай рэлігіі. Хрысціянізацыя язычніцкіх абрадаў.
хрысція́нін, ‑а; мн. хрысціяне, ‑ян; м.
Паслядоўнік хрысціянскай рэлігіі. Як шчыры хрысціянін, Гусоўскі адхрышчваецца ад небяспечнай спакусы. «Полымя».
хрысція́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да хрысціянін.
хрысція́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хрысціянства. Хрысціянская вера. Хрысціянская царква. □ Хрысціянскаму псеўдагуманізму.. Горкі проціставіў рэвалюцыйны гуманізм, непакорлівасць і непрымірымасць у барацьбе за вызваленне чалавека і чалавецтва. Івашын. // Які прызнае хрысціянскае веравызнанне. Хрысціянскі народ. // Які прапаведуе хрысціянства. Хрысціянскія місіянеры.
2. Які мае адносіны да хрысціяніна, належыць яму. Засыпалі.. [труны], і на беразе Віліі вырас курган. На ім, зверху, царкоўныя ўлады паставілі крыж з распяццем. Як-ніяк — хрысціянскі прах ляжыць пад курганам. Арабей. // Уласцівы хрысціяніну. З хрысціянскаю пакорлівасцю.. [Ціт] гатоў быў цяпер памаліцца за бязбожнікаў. Колас. // Які адбываецца ў адпаведнасці з абрадамі хрысціянства. [Рыгоравіч:] — Пахаваем з пашанай па нашым хрысціянскім звычаі. Няхай. // Разм. Праваслаўны, простанародны. Зірнуў дзед, напнуў лейцы, .. пачаў ціханька тпрукаць, але дзе ты згаворышся з гэтай [жывёлай], якая не разумее хрысціянскай каманды. Лынькоў.
хрысція́нства, ‑а, н.
Рэлігія, у аснове якой ляжыць культ міфічнага Ісуса Хрыста. Хрысціянства нарадзілася на тэрыторыі велізарнай Рымскай імперыі. «Звязда». [Дуб] быў сведкам.. з’яўлення князёў і ўвядзення хрысціянства. Караткевіч. Прыйшлі.. [імёны] да нас праз грэчаскую і царкоўнаславянскую мовы разам з прыняццем хрысціянства. «Полымя».
хрышчо́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад хрысціць.
2. у знач. прым. Які мае адносіны да абраду хрышчэння, падвергнуты абраду хрышчэння. Хрышчоны бацька. □ — Як няма? Што значыць няма? Кожны хрышчоны чалавек павінен мець метрыку... Ты што, згубіў яе? — запытаў старшыня. Чарот.
хрышчэ́нне, ‑я, н.
1. Рэлігійны абрад прыняцця каго‑н. у лік веруючых хрысціянскай рэлігіі. З Пецярбурга ўсё яшчэ ішлі адказы протаіерэяў і прыставаў, што не знаходзілі ў царкоўных кнігах запісу аб хрышчэнні Аляксандры Адольфаўны Ізмайловіч. Мехаў.
2. перан. Першае выпрабаванне ў якой‑н. справе. А праз які тыдзень я прыняў першае паветранае хрышчэнне. Хомчанка. У гэтым кутку.. [Андрэй] атрымаў як бы першае жыццёвае хрышчэнне. Пестрак.
•••
Баявое хрышчэнне — а) першы ўдзел у баі. [Букрэй] горача прывітаў партызан.. з першым баявым хрышчэннем. Колас; б) першае сур’ёзнае выпрабаванне ў якой‑н. справе. Механізаваныя групы абодвух атрадаў земляробчага цэха выйшлі на сваё баявое хрышчэнне. Дуброўскі.
хрэн, ‑у, м.
1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.
2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.
•••
Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.
хрэ́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хрэну. Хрэнавае лісце. // Прыгатаваны з хрэну.