Хрысто́с, Хрыста́, м. (з вялікай літары).
Назва міфічнай асобы Ісуса, культ якога ляжыць у аснове хрысціянскай рэлігіі.
•••
Хрыстом-богам — моцна (прасіць, маліць і пад.).
Як у Хрыста за пазухай — тое, што і як у бога за пазухай (гл. бог).
хрысто́саванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрыстосавацца.
хрысто́савацца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.
У праваслаўных — цалавацца тры разы, віншуючы са святам вялікадня. — Дзядзька Іван! Хіба ж сёння вялікдзень, што вы хрыстосуецеся? — рагочучы, пытаюся я. Сяргейчык.
хрысці́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да абраду хрышчэння. Хрысцільная кашуля.
хрысці́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хрысцін.
хрысці́ны, ‑цін; адз. няма.
Хрысціянскі і абрад хрышчэння, а таксама пачастунак пасля хрышчэння. Там [у кадубку] два пярсцёнкі, крыжык медны, здабыты сыну ў час хрысцін. Колас. [Брыгадзір:] — Скупы і строгі быў наш поп Васіль.. Беднякоў як ліпку абдзіраў: то за радзіны, то за хрысціны, то за хаўтуры — за ўсё лупіў, як хацеў. Якімовіч.
хрысці́цель, ‑я, м.
Той, хто правёў хрышчэнне.
хрысці́цца, хрышчуся, хрысцішся, хрысціцца; незак.
1. таксама зак. Падвяргацца (падвергнуцца) абраду хрышчэння. [Лапінка:] — Чакаюць яны [баптысты], чакаюць, пакуль я паверу ды хрысціцца пайду. Брыль. Дзе радзіўся? — У сваёй вёсцы. Дзе хрысціўся? — Пры дарожцы. Купала.
2. Хрысціць (у 3 знач.) сябе. [Глушак] яшчэ слабымі, дрыготкімі рукамі хрысціўся, жагнаўся, аддана шаптаў малітвы. Мележ. Ранкам і ўвечары кожны дзень стары.. доўга гаворыць малітвы, доўга хрысціцца сваёй жорсткай далонню ў сухіх мазалях. Пестрак.
хрысці́ць, хрышчу, хрысціш, хрысціць; незак., каго-што.
1. Спраўляць над кім‑н. царкоўны абрад хрышчэння. Дзён праз дзесяць хлопчыка павезлі хрысціць. Лужанін. Як толькі Алімпа трохі акрыяла пасля родаў, маці захадзілася хрысціць у папа дзіця. Сабаленка.
2. Быць хросным бацькам або хроснай маці.
3. Рабіць знак крыжа (у 2 знач.) над кім‑, чым‑н. Як зірнулі [бабкі] на труну, напалохаліся.. Пачалі ілбы хрысціць ды галасіць. Лынькоў. На фоне акна Лялькевіч убачыў, як разгубленая, спалоханая Поля хрысціла ўслед брата і сястру. Шамякін.
4. Разм. Даваць мянушку. [Ларывон] апраўдваў сваю мянушку, якой яго паціху хрысцілі людзі: Бугай. Мележ. // Лаяць, абзываць. Глянуў стары на пустую раёўню, прынесеную пчалаводам, і раптам зноў пачаў хрысціць Юрку ўсякімі словамі. Кулакоўскі.
5. Разм. Біць, хвастаць. Я спытаўся: «І Хрысціна цябе б’е?» «Кожны дзень хрысціць, ратунку ніякага няма», — адказаў хлопчык і ўнурыў галаву. Гурскі. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі.
•••
Не дзяцей хрысціць каму з кім — не мець інтарэсу да каго‑н., не жадаць мець справы з кім‑н.
Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.
хрысціянізава́ны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад хрысціянізаваць.
2. у знач. прым. Падвергнуты хрысціянізацыі. Такім чынам, у некалькі хрысціянізаванай афарбоўцы ў купальскую паэзію ўваходзіў матыў земляробчай працы, сугучны па паэтычнаму малюнку таму, як ён гучаў ужо ў валачобных песнях. Ліс.