хрыплава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі хрыплы, з хрыпатой. Хрыплаваты стогн. □ Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чорны. Нечы слабы, хрыплаваты голас спяваў незнаёмую песню. Самуйлёнак.
хры́пласць, ‑і, ж.
Уласцівасць хрыплага. [Косця] кашлянуў, каб прагнаць гэту хрыпласць, каб тое, што ён скажа, сказаў ясна і цвёрда. Арабей.
хрыплі́васць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць хрыплівага.
хрыплі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Трохі хрыплы, з хрыпатой. Нечы хрыплівы голас заводзіў «Дубінушку». Гартны.
хры́плы, ‑ая, ‑ае.
1. Які перарываецца хрыпеннем; сіплы. Хрыплы смех. □ Раскатамі грымеў, скаланаючы паветра, нізкі хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзін хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі. Нечакана я пачуў недалёка ад сябе хрыплы, старэчы кашаль і павольна-ціхае мармытанне. Нікановіч.
2. Нячысты, няясны, з хрыпамі (пра гукі). Хрыплы сігнал пачуўся бліжэй. Шамякін.
3. Які ўтварае сіплыя, нячыстага тону гукі. Крумкае хрыплы крук. Барадулін.
хры́пнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да хрыпець.
хры́пнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
Пачынаць гаварыць хрыпла, траціць чыстату голасу. Паліна заглянула ў блакноцік.. А палове сёмай — нарада. Як надакучылі яны!.. Амаль кожны дзень — адна за другой. Спрачаюцца, аж хрыпнуць людзі. Савіцкі. Аж хрыпнуць пад вятрамі каштаны. Нясе ў глыбіні адарваны буй... Бураўкін. // Станавіцца хрыплым (пра голас). У спевака голас пачаў хрыпнуць.
хрыпу́н, ‑а, м.
Разм. Чалавек з хрыплым голасам. — Усё роўна паўзі, — гаворыць Косця, — хопіць тут і без цябе хрыпуноў. Адамовіч.
хрыпу́ха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.
Жан. да хрыпун.
хрысталюбі́вы, ‑ая, ‑ае.
Уст. Адданы хрысціянскай веры. Хрысталюбівым воінам заставалася адно: прадавацца ў няволю. Самуйлёнак.
хрыстапрада́вец, ‑даўца, м.
Уст. Прадажнік, здраднік; юда. — Каб на цябе [паліцая] хмара цёмная найшла, каб ты праваліўся скрозь зямлю на гэтым месцы, ірад, хрыстапрадавец акаянны, — шаптала, стоячы ля запечку, Грысіха. Кулакоўскі.