Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

батарэ́я, ‑і, ж.

1. Тактычнае падраздзяленне ў артылерыі і ракетных войсках, якое мае ў сваім саставе некалькі гармат або ракетных установак. Зенітная батарэя. Мінамётная батарэя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй. Новікаў. // Умацаванне, якое служыць пазіцыяй для некалькіх гармат або ракетных установак.

2. Аб’яднанне некалькіх аднатыпных прылад, прыстасаванняў, апаратаў у адзіную сістэму для больш эфектыўнага сумеснага дзеяння. Коксавая батарэя. Радыятарная батарэя.

3. Сукупнасць злучаных паміж сабой крыніц току, энергіі (акумулятараў, гальванічных элементаў і інш.). Атамная, сонечная, анодная батарэя.

4. чаго. Жарт. Шэраг якіх‑н. аднародных прадметаў. [Янушка] вабіла да сябе цэлая батарэя бутэлек, што стаялі на вітрыне на самым відным месцы і паводзілі на вясёлыя думкі. Дайліда.

[Фр. batterie.]

бата́т, ‑у, М ‑аце, м.

Расліна сямейства павоевых, клубні якой багатыя на крухмал і цукар і выкарыстоўваюцца ў кулінарыі і кансервавай прамысловасці; салодкая бульба.

[Ісп. batata.]

батле́ечнік, ‑а, м.

Гіст. Артыст, які ўдзельнічаў у батлеечных спектаклях.

батле́ечны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і батлейкавы.

батле́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, ж.

Гіст. Пашыраны і папулярны ў мінулыя часы на Беларусі перасоўны лялечны тэатр. «Батлейку» трэба разглядаць як арганічнае прадаўжэнне развіцця скамарошых лялечных прадстаўленняў. «Беларусь».

батле́йкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да батлейкі, звязаны з батлейкай. Батлейкавы тэатр.

бато́г, батага, м.; мн. батагі, ‑оў.

Уст. Палка, якая даўней прымянялася для цялеснай кары. Лёс аднолькава нас адзначаў, Але Муж — не той, хто не знаў батагоў, А той, хто пад імі маўчаў. Караткевіч.

бато́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

Уст. Учыняць кару, катаваць батагом ці чым‑н. іншым. Ірад меў шляхецкі ўбор і хітры Твар лісіцы І ў руках бізун, Якім батожыў мужыкоў заўсёды. Танк.

бато́метр, ‑а, м.

Прыбор, пры дапамозе якога бярэцца вада з розных глыбінь прыроднага вадаёма для вызначэння яе хімічных і фізічных уласцівасцей і інш.

[Грэч. báthos — глыбіня, metreō — мераю.]

бато́н, ‑а, м.

Белы хлеб прадаўгаватай формы. Кавалак батона.

[Фр. bâton — палка.]