хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.
2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.
хру́мсткі, ‑ая, ‑ае.
Які хрумсціць. Гэта быў ладны жытнёвы акраец з паджарыстай хрумсткай скарынкай. Быкаў. Бацькава крышачку — гэта пудоў з дваццаць духмянага хрумсткага сена. Б. Стральцоў.
хрумсце́ць, ‑мшчу, ‑мсціш, ‑меціць; незак.
Разм. Тое, што і хрумстаць. Каля плота хрумсцелі абабранымі зялёнымі яблыкамі дзеці. Адамчык. Жучок [сабака] хапае цукар на ляту, хрумсціць ім. Лупсякоў. Сняжок хрумсціць пад нагамі. Брыль. Пад нагамі хрумсцела тонкая наледзь. Навуменка. Мякка хрумсціць пад нагамі сушняк. Барадулін. Хрумсцяць у садзе пад падэшвамі крупінкі вугалю ў траве. Вялюгін.
хрумсь-хру́мсь, выкл.
Разм. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння хрусту. Хрумсь-хрумсь... — чулася на плоце: дзеці елі рабіну. Пташнікаў.
хру́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да хрустаць, хрусцець.
2. Зламацца з хрустам. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. Крапіва. Вол як рэзнуўся лбом у вароты, дык тыя хруснулі, а сам ён і асеў на пярэднія ногі. Марціновіч.
хруст, ‑у, М ‑сце, м.
Трэск ад чаго‑н., што ломіцца, крышыцца і пад. З-за куста пачуўся лёгкі хруст, быццам пад нагою зламалася [галінка]. Гартны. Лядок з тонкім хрустам лопаўся пад нагамі, пырскаючы вадой. Гаўрылкін. // Падобны гук пры жаванні, ядзе. Аржанец узяў з міскі агурок, адкусіў яго амаль да палавіны і, з хрустам жуючы, усміхнуўся. Брыль.
•••
Да хрусту — так, каб захрусцела, хруснула. [Бацька] напружвае сківіцы да хрусту. Бядуля.
хруста́лік, ‑а, м.
1. Разм. Кавалачак хрусталю (у выглядзе падвескі, пацеркі і пад.).
2. Спец. Частка вока (за зрачком і радужнай абалонкай) у выглядзе празрыстай дваякавыпуклай лінзы.
хруста́ль, ‑ю, м.
1. Шкло высокай якасці, якое мае асобы бляск і здольнасць моцна праламляць святло. Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.
2. Вырабы з такога шкла. Сервант запоўнены фарфорам, хрусталём. / у вобразным ужыв. Ёсць хараство і ў гэтых зімах, І ў мёртва-белых тых кілімах, Што віснуць-ззяюць хрусталямі Над занямелымі лясамі. Колас.
3. Тое, што і горны хрусталь. Пацеркі з хрусталю.
•••
Горны хрусталь — празрыстая бясколерная разнавіднасць кварцу, якая выкарыстоўваецца для аптычных і ювелірных вырабаў.
[Ад грэч. krýstallos — крышталь.]
хруста́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хрусталю (у 1 знач.), уласцівы яму. Хрустальны бляск. // Звязаны з вырабам хрусталю. Хрустальны завод. // Зроблены з хрусталю. Хрустальная ваза.
2. перан. Празрысты. Хрустальныя каплі расы. // Чысты, звонкі, як у хрусталю (пра гукі). Хрустальны звон.
хру́станне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрустаць.