басано́жкі, ‑жак; адз. басаножка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.
Лёгкія летнія адкрытыя туфлі. Ліля.. пачала збягаць па прыступках уніз. Шырокае плацце раздувалася парусам, тонкія абцасікі басаножак гучна цокалі аб каменныя пліты. Асіпенка.
басата́, ‑ы, ДМ ‑це, ж., зб.
Лаянк. Галадранцы, басякі. Лепш не чапаў бы Харытон галадранай басаты. Баранавых. // Разм. груб. Пра хлапчукоў, якія любяць рабіць шкоду. [Дзядзька да Косціка:] — Ты чаго тут тырчыш? Мо ў хату залезці хочаш? А ну марш адсюль, басата... Арабей.
басе́йн, ‑а, м.
1. Штучны вадаём для плавання са сценамі, умацаванымі цэглай, цэментам. Спартыўны басейн.
2. Тэрыторыя мора, возера, ракі разам з сушай, з якой у іх сцякаюць паверхневыя і падземныя воды. Басейн Заходняй Дзвіны. Басейн возера Нарач.
3. Зона залягання каштоўных выкапняў. Данецкі вугальны басейн.
[Фр. bassin.]
басі́дла, ‑ы, м.
Разм. Моцны басісты голас, гук. А от волат «Шчука», нязграбны дзябёлы паравозішча, рыкае густым басідлам, аж шыбы дрыжаць. Шынклер.
басі́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Нізкі па гуку, з характэрным басовым тэмбрам. — Га-га-га-га! — басістым смехам загрымеў на ўсю станцыю Садовіч. Колас.
2. Той, хто валодае басам, спявае басам. Басісты спявак.
басі́ць, башу, басіш, басіць; незак.
Гаварыць, спяваць басам. «Што Сашка, — у сенцах басіць Серафім, — Пагутару з ім я па шчырасці, Гандзя, Даўно ўжо хачу я пагутарыць з ім...». Зарыцкі.
баска́к, ‑а, м.
Гіст. У перыяд татарскага нашэсця — прадстаўнік ханскай улады і зборшчык даніны. Гаворыць паданне: па травах зялёных Па жвірыстых сцежках, па пульхнай раллі Татары к баскаку з натоўпам палонных Дзяўчыну-красуню ў няволю вялі. Ляпёшкін.
ба́скет, ‑а, М ‑кеце, м.
Разм. Тое, што і баскетбол.
баске́т, ‑а, М ‑ке́це, м.
Група роўна падстрыжаных дрэў ці кустоў, якія высаджваюцца ў парку, садзе або па іх межах.
[Фр. bosquet.]
баскетбалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які займаецца баскетболам.