Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

збажына́, ‑ы, ж.

Разм.

1. Агульная назва хлебных злакаў: жыта, пшаніцы, аўса, ячменю. Сеяць збажыну. Зжатая збажына. □ Схіляюцца ў палях у пояс Збажыны калгаснай Каласы. Аўрамчык.

2. зб. Зерне хлебных злакаў; збожжа. Хлопчык, баязліва аглядваючыся на бацьку, сяк-так ускарабкаўся на мяшок са збажыною, што стаяў на лаўцы. Кулакоўскі.

збо́жжавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да збожжа; звязаны са збожжам. Збожжавая праблема. Збожжавы фураж.

2. Які з’яўляецца збожжам. Збожжавыя культуры. // у знач. наз. збо́жжавыя, ‑ых, мн. Злакавыя сельскагаспадарчыя расліны (жыта, пшаніца, ячмень, авёс і інш.), зерне якіх скарыстоўваецца для атрымання прадуктаў харчавання і фуражу. Сяўба збожжавых.

прыпо́л, ‑у, м.

Ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі і пад. Воля падхапіла ручкамі шырокую сінюю спаднічку, і бацька пачаў сыпаць ёй у прыпол цукеркі. Арабей. Павольна хадзілі, падаткнуўшы прыполы шырокіх спадніц, кабеты — палолі траву, выбіралі агуркі. Сачанка. Праз акно было відаць, як гаспадар з прыполу кашулі сыпаў зерне. Хомчанка.

праве́трыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Асвяжыцца прытокам свежага паветра; ачысціцца; прасушыцца. Зерне праветрылася. / у безас. ужыв. У пакоі добра праветрылася.

2. Асвяжыцца, пабыць на свежым паветры. [Карызна:] — Нешта галава .. баліць, дык выйшаў праветрыцца. Зарэцкі.

3. перан. Разм. Развеяцца, набрацца новых уражанняў. Трэба абавязкова паехаць да сябра і крыху праветрыцца. Колас.

се́йбіт, ‑а, М ‑біце, м.

Той, хто сее зерне, засявае зямлю насеннем. Прыйшла вясна, глушцы такуюць, Гукае сейбітаў зямля. Бялевіч. У глебу цёплую і мяккую, як пух, Насенне сейбіт радасна раскідаў. Пушча. // перан.; чаго. Той, хто распаўсюджвае сярод людзей веды і пад. Месца [Нявіднага] зоймуць тысячы новых сейбітаў буры і змагання. Колас.

бабо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бобу. Расце, сокам наліваецца бабовае каліва. Бялевіч. Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе. З нар. // Прыгатаваны з бобу. Бабовая каша — не голад. З нар.

2. у знач. наз. бабо́выя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца боб, гарох, лубін і пад.

кру́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. зб. Здробненае, ачышчанае ад шалупіння зерне пшаніцы як прамежкавы прадукт пры перапрацоўцы яе ў сартавую муку.

2. Род адна- і шматгадовых раслін сямейства крыжакветных.

3. зб. Тое, што і крупы (у 2 знач.); крупкі. Вецер працінаў бок, ляскаў крысамі шыняля, сек у шчокі дробнаю колкаю крупкай. Грахоўскі.

зве́яць, звею, звееш, звее; зак., што.

1. Ачысціць абмалочанае зерне веяннем. Звеяць ячмень. □ — От пайду жыта звею, ды ў млын трэба, а то хлеб са стала ўцякае. Чарнышэвіч.

2. звычайна безас. Скінуць адкуль‑н., знесці куды‑н. Ветрам звеяла касынку з плячэй.

•••

Як ветрам звеяла каго — раптоўна знік адкуль‑н., не стала дзе‑н.

зглумі́цца, зглуміцца; зак.

Разм. Папсавацца, страціцца без карысці. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні, такі быў доўгі. І зерне ў ім было буйное, жоўтае. Колькі ж хлеба зглуміцца тут, калі не сажнеш жыта! Асіпенка. Зразумела, не кажу Пра сваё тут гора, Што мука мая ў дзяжы Зглуміцца, вядома... Бялевіч.

зе́рневы, ‑ая, ‑ае і зернявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да зерня (у 1 знач.). Зерневы фураж. // Звязаны з вырошчваннем зерня. Зерневая гаспадарка.

2. Які дае плады ў выглядзе зярнят. Зернявыя культуры. // у знач. наз. зе́рневыя, ‑ых. Злакавыя сельскагаспадарчыя культуры (жыта, пшаніца, авёс і пад.), зерне якіх выкарыстоўваецца як прадукт харчавання. Уборка зерневых.