халадзі́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які абслугоўвае халадзільныя ўстаноўкі, машыны, прадпрыемствы.
халадзі́на, ‑ы, ж.
Разм. Моцны холад; халадэча. — Кволая, у сцюжу, у халадзіну, падалася [дзяўчына] з Палесся за Кіеў з мяшком за плячыма. Ракітны. А заўтра ў цэх... А ўранні — халадзіна. І, як заўжды, пад’ем у сем гадзін. Чэрня.
халадзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.
1. Рабіць халодным; ахалоджваць, астуджваць. Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Чорны. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. / у безас. ужыв. Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму.. [Якаў] адчуў, як пачало халадзіць спіну, і хутка вылез. Кулакоўскі.
2. і без дап. Выклікаць адчуванне холаду. Два грузчыкі.. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварамі супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Ніна прыпала да вады, якая здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла, — піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Мележ.
3. перан. (звычайна са словамі «сэрца», «душу», «кроў» і пад.). Агортваць холадам пры моцным хваляванні, страху і пад. [Сцяпан] моцна адчуў сваю самотнасць. Гэта пачуццё пракрадвалася і халадзіла яго душу і раней. Дуброўскі. / у безас. ужыв. Ад страху ўсяго.. [Лёньку] халадзіла, і ляцеў ён бы на крылах. Капыловіч.
4. безас. без дап. Пра халоднае надвор’е. Дні стаялі пагодлівыя, а па начах ужо халадзіла, сяды-тады націскаў марозік. Кулакоўскі.
халаднава́та,
1. Прысл. да халаднаваты.
2. безас. у знач. вык. Пра халаднаватае надвор’е. На вуліцы было халаднавата, дзьмуў нейкі сыры вецер. Арабей. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч.
3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне прахалоды. — Халаднавата, аднак, — сказаў Толя, пагладжваючы голы плячук. Брыль.
халаднава́тасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць халаднаватага.
2. перан. Раўнадушныя, бясстрасныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Стрыманасць, халаднаватасць — як нейкі абавязковы закон паводзін. Адносін да ўсіх. Ад чаго гэта? Ад апаскі, што прастата, ветлівасць шкодзіць сур’ёзнасці, пільнасці?.. Мележ.
халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.
2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».
халаднакро́ўны, ‑ая, ‑ае.
Спец. З непастаяннай тэмпературай цела, залежнай ад знешняга асяроддзя (пра жывыя арганізмы). Халаднакроўныя жывёлы.
халаднало́мкасць, ‑і, ж.
Спец. Уласцівасць матэрыялу лёгка ламацца пры нізкай тэмпературы.