Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

храсткава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікія або выступаючыя храсткі. Храсткаваты нос.

храсткаві́на, ‑ы, ж.

Рэчыва, з якога складаецца храсток.

храсткаві́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да храсткавіны, які з’яўляецца храсткавінай.

храсткападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на храсток.

храстко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да храстка, з’яўляецца храстком. Храстковая клетка. Храстковая тканка. // Які складаецца з храсткоў. Храстковы пазваночнік.

2. Які мае шкілет з храстка. Храстковыя рыбы.

храсто́к, ‑тка, м.

Гнуткая і шчыльная злучальная тканка пазваночных жывёл і чалавека, якая ўтварае некаторыя часткі шкілета і дыхальных шляхоў дарослага чалавека. Храсткі гартані. □ Перасадка чалавеку такіх тканак, як храсток, косці, рагавіца вока, — ужо не праблема. «Звязда». Чалавек азірнуўся і пайшоў паволі назад. Храсткі яго носа варушыліся. Чорны.

•••

Надгартанны храсток — надгартаннік.

хрась, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. храснуць і храснуцца. Наступіў ботам [на плот] ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. Быкаў. [Бацька:] — Убачылі [парубшчыкі] лесніка — да яго. Ружжо аднялі — аб пень хрась! — паламалі... Масарэнка.

храшчаві́на, ‑ы, ж.

Тое, што і храсткавіна.

хром, ‑у, м.

1. Хімічны элемент, цвёрды метал шэра-стальнога колеру, які выкарыстоўваецца для вырабу цвёрдых сплаваў, для пакрыцця металічных вырабаў.

2. Жоўтая, аранжавая, чырвоная ці зялёная мінеральная фарба (вокіс хрому або соль хромавай кіслаты).

3. Сорт мяккай тонкай скуры. Міхась сумеўся: было нязручна вось так адразу расчынаць гаворку пра хром, падэшвы, усцілкі. Асіпенка. Баўтрукоў не ішоў, а амаль бег да сцэны, суха шоргаючы рукавамі спартыўнага пінжака з карычневага хрому. Савіцкі.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба.]

хрома... (а таксама храма...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) той, што ўтрымлівае ў сабе хром (у 1 знач.), напрыклад: хромаалюмініевы; 2) які мае адносіны да колеру, фарбы; каляровы, напрыклад: хромалітаграфія.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба.]