Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

храпе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. храпці, а таксама гукі гэтага дзеяння. Храпе Вадзім.. [Таня] таўхае яго пад бок. Храпенне на нейкі час прыціхае, затым пачынаецца зноў. Паўлаў.

хра́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш.-ласк. да храпа ​1.

хра́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Ствол качана капусты без лістоў. Рая адышла да каровы і хацела гнаць яе дамоў, але карова прагна хапала капуснае лісце, з хрумстаннем згрызала храпкі і ісці дамоў не хацела. Шамякін. Дзеда тузанула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар і павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мёрзлымі храпкамі ссечанай капусты. Грахоўскі. Ён [Васіль] можа ля дзвярэй сядзець спакойна і хрумстаць белыя тугія храпкі. Караткевіч.

хра́пнуць, ‑не; зак. і аднакр.

Зламацца з трэскам. Ды раптам сакавіта храпне граб. Успыхнуць росаў зыркія вясёлкі. Барадулін. Хоць хворага не бачыш месца, Дуб храпне так, што браце мой! Гаўрусёў.

храпу́н, ‑а, м.

Разм. Чалавек, схільны да храпу ​1 (у 1 знач.), які храпе ў сне. Чалавек.. захроп яшчэ мацней. Тады Жэня абедзвюма рукамі ўзяла за .. плячо і павярнула храпуна на бок. Кулакоўскі.

храпуне́ц, ‑нца, м.

У выразах: даць (задаць) храпунца — тое, што і даць (задаць) храпака (гл. даць).

храпці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. хроп, храпла, ‑ло; незак.

1. Утвараць храп ​1 (у 1 знач.). [Сцёпка:] Усе мае таварышы заснулі і моцна храпуць. Мне таксама хочацца спаць. Колас. Пацейчык падгарнуў пад сябе торбу з хлебам і заснуў, нават пачаў храпці. Чорны. // Разм. Моцна спаць, пераважна з храпам. Моцна стукнуўшы дзвярыма, .. [Кірыл], не распранаючыся, валіўся на ложак і амаль да паўдня хроп. Кавалёў.

2. Утвараць храп ​1 (у 2 знач.). Конь хроп, з-пад яго капытоў выляталі камякі снегу. Бураўкін. Коні ашалела храплі і кідаліся на вароты. Сабаленка. Храпуць, іржуць коні, раз-пораз ускідваецца лаянка, гатова загарэцца бойка. Мележ. // Утвараць сіплыя гукі (аб прадметах). У зубах храпла і свістала маленькая счарнелая люлечка. Грахоўскі.

храпяну́ць,

гл. храпануць.

хра́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. груб. Упасці, паваліцца, моцна стукнуўшыся. Зараз жа грымнуў стрэл, і чорны дзядзька храснуўся на зямлю, ухапіўшыся рукамі за жывот. Маўр.

хра́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Зламацца, пераламацца з хрустам, трэскам. [Базыль:] — Можа, у вас шворан ёсць, а то мой храснуў на грэблі, відаць, не даеду... Броўка. // Утварыць хруст, трэск. Штосьці храснула, нібы зламалася пад нагой сухая галінка, і вартавыя курчыліся ўжо на зямлі. Бураўкін. / у безас. ужыв. Пятрок што мае сілы ўпёрся плячом у борт, ад натугі аж храснула ў паясніцы. Хадановіч.

2. Разм. груб. Моцна стукнуць, выцяць. Не памятаючы, што раблю, узняў дручок і храснуў ім не то па кані, не то па жаўнер у. Сяргейчык. [Галя:] — А тады як храсне гэтая бутэлька.. [немцу] па галаве, ён і кулямёт выпусціў. Курто.

храсткава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць храсткаватага.