Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

храно́граф ​1, ‑а, м.

Прыбор для дакладнай рэгістрацыі моманту якога‑н. назірання і для вымярэння кароткіх інтэрвалаў часу. Электронны хранограф. Механічны хранограф.

[Ад грэч. chronos — час і graphō — пішу.]

храно́граф ​2, ‑а, м.

Помнік старажытнай пісьменнасці, які змяшчае гістарычную хроніку якіх‑н. краін або асобнай дзяржавы.

[Ад грэч. chronos — час і graphō — пішу.]

храно́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст па храналагізацыі.

храно́метр, ‑а, м.

Гадзіннік з вельмі дакладным ходам.

[Ад грэч. chronos — час і metreō — вымяраю.]

храп ​1, ‑у, м.

1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.

2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.

храп ​2, ‑а, м.

Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.

хра́па ​1, ‑ы, ж.

1. Пярэдняя частка галавы ў буйной жывёлы; морда. Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва, Лось высунуў храпу — Шукае спажывы. Купала. // Ніжняя і сярэдняя частка пераносся ў жывёлы. Салвэсь папрасіў гаспадара разявіць каню зяпу. Той ахвотна паслухаўся: сціснуў праваю рукою жывёлу за храпу, а другою адцягнуў ніжнюю губу. Пальчэўскі.

2. звычайна мн. (хра́пы, храп). Ноздры ў вялікіх жывёл (каня, лася і пад.). Храпы вялікага гнядога каня дыхалі параю. Пестрак. З храп у .. [аленя] ішла пара, і яны былі белыя — заінелі. Пташнікаў.

3. Груб. Твар, нос чалавека. Якім чынам сюды трапіў, Не магу ніяк уцяміць. Ці не даў мне хто па храпе Ды адбіў дарэшты памяць? Крапіва. — Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.

хра́па ​2, ‑ы, ж.

Разм. Замёрзлая грудамі зямля. Васіль як бы і не заўважаў холаду, борзда тупаў прадранымі лапцямі па ўкамянелай камякаватай храпе, што біла ў падэшвы, у пяткі. Мележ. На дварэ падмарожвала. Растаптаная скацінай гразь ператварылася ў храпу. Чарнышэвіч. Аступілася [Ганна] у нейкую яму і балюча ўпала каленьмі на вострыя, мёрзлыя храпы. Місько.

храпаві́к, ‑а, м.

Спец. Зубчасты механізм, які перадае вярчэнне толькі ў адным кірунку; храпавы механізм.

храпавы́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які мае храп ​2, забяспечаны храпам. Храпавая муфта. Храпавое кола.

храпа́к, ‑а, м.

У выразе: даць (задаць) храпака гл. даць.

храпану́ць і храпяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да храпці.

2. Разм. Паспаць. Храпянуць дзве гадзіны. □ [Міхась:] — Цяпер бы выкупацца ды храпануць з гадзінку ў цяньку. Машара.

хра́п’е, ‑я, н., зб.

Абл. Ахрап’е. Так давялося і зрабіць. Да школы па агародах правялі [машыну], з грады на граду, па мёрзлых памідорах ды па капусным храп’і. Лобан. Назбірала бабка храп’я У градах парасяці. Русак.