Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

храналагіза́цыя, ‑і, ж.

Кніжн. Устанаўленне часу існавання чаго‑н. Храналагізацыя бронзавага веку.

храналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да храналогіі. У некаторых выпадках паэма па сваіх храналагічных рамках ахоплівае падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і сучаснасць. Перкін.

2. Заснаваны на паслядоўным ходзе падзей. Паколькі ж велічныя падзеі апісваюцца ў храналагічным парадку, то «Нарач» з правам можна назваць гераічнаю хронікай. У. Калеснік.

•••

Храналагічная канва гл. канва.

хранало́гія, ‑і, ж.

1. Навука, якая вывучае гісторыю летазлічэння. // Дапаможная гістарычная дысцыпліна, што ўстанаўлівае гістарычныя даты, час з’яўлення дакументаў і пад.

2. Пералік падзей у іх часавай паслядоўнасці. Храналогія беларускай гісторыі.

3. Паслядоўнасць паяўлення чаго‑н. у часе. Храналогія падзей. □ Цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасна і па лініі ідэ[йн]ых катэгорый (носьбітамі і творцамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д. Чорны. Знаходка ўнікальнага экземпляра «Малой падарожнай кніжыцы» ў капенгагенскай бібліятэцы ўносіць істотную папраўку ў храналогію скарынінскіх выданняў. «Помнікі».

•••

Геалагічная храналогія — устанаўленне перыядаў узнікнення розных пластоў Зямлі.

[Ад грэч. chronos — час і logos — вучэнне.]

хранаско́п, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння надзвычай малых прамежкаў часу, а таксама для параўнання паказанняў часу па розных прыборах.

[Ад грэч. chronos — час і skopeō — гляджу.]

храніка́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хранікальнага. Але ж фрагментарнасць, бегласць, хранікальнасць замалёвак, а часам звужанасць карціны былі агульным недахопам [твораў аб горадзе]. Гіст. бел. сав. літ.

храніка́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хронікі (у 1, 2 знач.). У паэме [«Грозная пушча» Куляшова] пераважаюць гутарковыя апавядальныя інтанацыі: яны адпавядаюць хранікальнай паслядоўнасці падзей. Гіст. бел. сав. літ.

2. Які змяшчае ў сабе хроніку (у 3, 4 знач.); з’яўляецца хронікай. Джані Пучыні ў мінулым дакументаліст. Таму ў яго фільме так яскрава бачны ўплыў хранікальнага кіно. «Маладосць». // Дакументальна дакладны; такі, як у хроніцы. Хранікальны паказ фактаў.

хранікёр, ‑а, м.

Супрацоўнік газеты, радыёвяшчання, часопіса, які дае інфармацыю ў аддзел хронікі.

хранікёрскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хранікёра, належыць яму.

2. Які з’яўляецца хронікай (у 2, 3 знач.), звязаны з хронікай. Хранікёрская заметна.

храні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто складае (піша) хронікі (у 1 знач.). Такім чынам беларускі храніст уклаў у твор самую поўную для свайго часу гісторыю сваёй Радзімы. «Маладосць». Паводле звестак польскага храніста XV стагоддзя Длугоша, бітва пачалася імклівым націскалі літоўскай конніцы, якая абрушылася на левы фланг праціўніка. «Звязда».

храні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Зацяжны або такі, які перыядычна ўзнаўляецца (пра хваробу). Усю зіму ледзь не ўсе палітвязні мелі хранічную прастуду і ўдушлівы кашаль. Машара. // Які хварэе на такую хваробу. Хранічны хворы.

2. перан. Працяглы, няспынны, пастаянны. Характэрнай рысай перыяду агульнага крызісу капіталізму з’яўляецца хранічная недагрузка вытворчых магутнасцей. «Звязда». Пісьменніка [Ф. Багушэвіча] хвалюе стан сельскай гаспадаркі, слабае развіццё прамысловасці і промыслаў, хранічны застой у развіцці эканомікі краіны. С. Александровіч.