Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Панура або задумліва моршчыць, насупліваць (лоб, бровы). Аксён хмурыць лоб. Відаць, як блізка прымае ён гэта ўсё да сэрца. Колас. І не хмур, каханы, бровы: Хмурыць іх няма прычыны. Астрэйка.

хмыз, ‑у, м.

Тое, што і хмызняк. Лес густы, скрозь зарос хмызам, арэшнікам, лазою. Сачанка.

хмызня́к, ‑у, м.

Кусты, зараснікі дробных маладых дрэўцаў. Лес быў густы, з непралазнымі хмызнякамі. Якімовіч. Беражыстая рэчка ўтапілася ў хмызняках і лазе; спрадвеку жалобна журчыць пра людскія надзеі, як сведка таго, што было. Каваль.

хмызняко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хмызняку. Хмызняковыя зараснікі. // Які расце кустамі. Хмызняковая расліннасць.

хмы́канне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. хмыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Дрозд хмыкнуў, і хлопчыкі гэта хмыканне зразумелі па-свойму: «Чытаеш? Пабачым, як ты ўмееш чысціць зброю». Хомчанка. Лялькевіча абурыла гэтае хмыканне і гэтае недарэчнае слова. Шамякін.

хмы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Вымаўляць «хм» або «гм», выказваючы здзіўленне, іронію, сумленне, злосць. На Веньяміна з павагай глядзелі нават хлопцы ў стракатых сарочках, некаторыя з якіх дагэтуль хмыкалі і паціскалі плячыма пасля яго жартаў. Навуменка.

хмы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хмыкаць.

хмылі́цца, хмылюся, хмылішся, хмыліцца; незак.

1. Хітра, злосна ўхмыляцца.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Касавурыць вочы, прыціскаць вушы (пра коней). Пачуўшы Андрэя, [коні] сталі хмыліцца і круціцца ў праварынах — не падыходзь... Пташнікаў. Дэраш — так звалі мы [каня] — даволі-такі сцёр зубы, часта наравіўся, хмыліўся не толькі на чужых, а і на мяне самога. Якімовіч.

хмяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Станавіцца п’яным, п’янець. Цяпер, калі Салавейчык перакульваў шклянку трэці раз, — гарэлка яго болей не брала, а Ігнась пачаў хмялець. Лупсякоў. Гэты поп умеў піць і хмялеў не адразу. Чарнышэвіч. // перан. Прыходзіць у стан узбуджанасці, захаплення ад чаго‑н. Хмялею ад водару спелага хлеба, Ад жоўтых рамонкаў, ад квецені вашай. Хведаровіч.

хмялёк, ‑льку, м.

1. Памянш.-ласк. да хмель (у 1 знач.).

2. Лёгкае ап’яненне.

•••

Пад хмяльком — тое, што і пад хмелем (гл. хмель). Сакальскі быў узбуджаны, трошкі пад хмяльком. Мехаў.