хлыст 1, ‑а, М ‑сце, м.
Спец. Ствол спілаванага дрэва з неадсечанай верхавінай, ачышчаны ад сукоў. Як і раней, жыццё кіпела на беразе і ў лесе: на прарабскіх лесасечных участках валілі дрэвы.. і вывозілі хлысты да эстакад. Карамазаў.
хлыст 2, ‑а, М ‑сце, м.
Сектант, паслядоўнік хлыстоўства.
хлыст 3, ‑а, М ‑сце, м.
Разм. Тое, што і хлюст. Хлыст жаўтароты пра бацькоў Разводзіць тары-бары. Калачынскі.
хлысто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Жан. да хлыст 2.
хлысто́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хлыста 2. Хлыстоўская секта.
хлысто́ўства, ‑а, н.
Адна з рэлігійных сект у Расіі.
хлю́па, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і хлюпота. Прыехаў я ў Вільню — на вуліцах хлюпа, мокры снег, сцюдзёны вецер. Гарэцкі.
хлю́панне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлюпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чулае вуха пагранічніка здалёк улавіла хлюпанне ног па гразі і шолах кустоў. Пальчэўскі. Чулася толькі хлюпанне вады ды шуршанне леташняй асакі. Шчарбатаў.
хлю́пат, ‑у, М ‑наце, м.
Разм. Гукі, якія ўтвараюцца пры пераліванні, чвяканні або хлюпанні вады. Нарэшце [селянін] нешта ўлавіў... Хлюпат конскіх ног па тонкай грэблі. Бядуля.
хлюпата́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлюпатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
хлюпата́ць, ‑поча; незак.
Разм. Утвараць хлюпат. Хмуры восеньскі дождж слепіць шыбы, чутно, як ён хлюпоча пад акном. Хадановіч. Твар, рукі, вопратка — усё было заліта дажджом; вада пацякла ў халявы і хлюпатала ў ботах. Лупсякоў.