хуткабе́жнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць хуткабежнага. Ёсць у гэтай хуткабежнасці часу нешта невыказна сумнае. Краўчанка.
хуткабе́жны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Хуткі ў руху. Дзе хуткабежных рэк задор, Дзе вадаспады, як віхор, Спачын чакае нас. Ліхадзіеўскі. // Які хутка праходзіць, кароткі ў часе. Хуткабежныя гадзіны.
хуткадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Які хутка дзейнічае. Расказваючы пра электронныя хуткадзейныя вылічальныя машыны, Агей Міхайлавіч зазначыў, што на ўроках у школе яны вывучаюць толькі матэматычную азбуку. Шыловіч.
хуткакры́лы, ‑ая, ‑ае.
Хуткі ў палёце. Над галовамі са свістам праносяцца хуткакрылыя чыркі, кулікі, пралятаюць невялічкія чародкі шпакоў, лунаюць снежна-белыя чайкі. Ігнаценка. Уся мая пашана і табе, слаўны хуткакрылы Пегас! Паслядовіч.
хуткаплы́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць хуткаплыннага. Адышло маленства, мінае маладосць, падыходзіць сталасць з яе справамі і турботамі, з роздумам пра час, пра хуткаплыннасць жыцця. Куляшоў.
хуткаплы́нны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і хуткацечны. Хаткі, хутаркі з дзікага каменю, чыстая, як сляза, хуткаплынная рэчка. Караткевіч. Вачэй не адарваць ад бяскрайніх прастораў, ад рэк хуткаплынных, ад тайгі велічнай, ад ззяючых на сонцы чорных хрыбтоў. Хадкевіч. Менавіта гэтае сутыкненне хуткаплыннай гістарычнай, нават штодзённай явы з вечнасцю, яе праекцыя на вечнасць надае твору [«Новай зямлі» Я. Коласа] мастацка-філасофскую вышыню, высокае гучанне. Навуменка. І нашы клёны разрасліся, І хуткаплынныя гады Пазамялі апалым лісцем Мае хлапечыя сляды. Бураўкін.
ху́ткасны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і скорасны. Можна ўдасканальваць станок, змяняць форму разца, пераходзіць на хуткаснае або сілавое рэзанне — шляхоў існуе многа. Шахавец.
хуткастрэ́льнасць, ‑і, ж.
Колькасць выстралаў, якую можна зрабіць з якога‑н. віду зброі ў адзінку часу.
хуткастрэ́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую хуткастрэльнасць. [Аляшкевіч:] Скажам, возьмуць хлопцы ў немцаў хуткастрэльны кулямёт. Ні да чаго ён нам: патронаў шмат з’ядае. Карамазаў.
ху́ткасць, ‑і, ж.
1. Ступень скорасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Хуткасць палёту. Хуткасць святла. Хуткасць гуку. □ Ехалі з хуткасцю шэсцьдзесят кіламетраў у гадзіну. Гурскі. Поезд раптам здрыгануўся, зноў заляскаў буферамі, .. а потым марудна пачаў набіраць хуткасць. Кулакоўскі.
2. Ступень скорасці, з якой адбываецца якое‑н. дзеянне, працэс. Хуткасць рэзання. Хуткасць стральбы. □ Асаблівы непакой выклікаў той факт, што хуткасць асядання такой вялікай плошчы паверхні зямлі ўсё больш і больш паскараецца. Матрунёнак.
3. Ступень скорасці дастаўкі грузаў. Адправіць груз малой хуткасцю.
4. Ступень скорасці руху або вярчэння некаторых машын, якая залежыць ад парадку ўзаемадзеяння дэталей каробкі скорасцей. Уключыць хуткасць. □ [Ячны:] — Эй ты, Ластаўка! Трэцюю хуткасць уключым. Пайшла!.. Брыль. Так, ці даўно.. [Чыкуноў] як аб вялікім дасягненні пісаў вось аб гэтай канструкцыі механізма пераключэння хуткасці станка? Васілёнак.
5. У механіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Раўнамерная хуткасць.