бабу́ля, ‑і, ж.
Ласк. да баба 1 (у 1, 2 знач.).
бабу́х, выкл.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння моцнага грукату ад выбуху, стрэлу, падзення чаго‑н. цяжкага. [Хутарэц:] — Ляціць, разбойнік, цішком ды табе з разгону ў спіну — бабух. Ракітны.
2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў знач. дзеясл. «бабухнуць», «бабухнуцца».
бабу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Разм. Незак. да бабухнуць.
бабу́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Тое, што і бабухнуць (у 1 знач.).
бабу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Упасці гучна. / у безас. ужыв. Бабухнула недзе: відаць, абваліўся ў ваду бераг. Караткевіч.
2. Выстраліць. Бабухнуць з дубальтоўкі.
3. Моцна ўдарыць; гучна стукнуць. [Уладусь:] — Каменем як бабухнуў [хлапчук] па назе, дык от яна і хруснула. Чарнышэвіч. / у перан. ужыв. Першы бабухнуў у звон віленскі губернатар генерал-ад’ютант Назімаў. Караткевіч.
бабу́шы, ‑аў; адз. бабуша, ‑ы, ж.
Пантофлі без заднікаў. У бабушах тут [у Тэтуане] ходзяць амаль усе. Дзіўна, як гэтыя вялізныя пантофлі не падаюць з ног. В. Вольскі.
ба́бчын, ‑а.
Які мае дачыненне да бабкі, належыць бабцы. Доўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе. Мележ. [Лабановічу] трэба было так ці іначай адгукнуцца на бабчыну навіну, і ён проста адказаў, што пойдзе ў воласць. Колас.
бабылёў, ‑лёва.
Разм. Які мае адносіны да бабыля, належыць бабылю.
бабы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лек; ж.
Разм. Тое, што і бабылька. Бабка Параска была круглая бабылка, не мела ні мужа, ні сям’і і называла сябе «самасейкаю». Колас.
бабы́ль, ‑я, м.
1. Разм. Адзінокі, бессямейны чалавек. Партызаны жартавалі з дзеда: — Ажэнім вас, дзед Цімох, навошта вам бабылём прападаць. Шчарбатаў. Хіба гэтакага свата думаў мець Верамейчык — лайдака ды бабыля, у якога і хата жардзінаю падперта. Крапіва.
2. Уст. Бедны, беззямельны, бесхацінны селянін.
•••
Хадзіць бабылём гл. хадзіць.