хлі́панне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. хліпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Памалу рыданні.. [жонкі Гвардыяна] заціхалі, пераходзячы ў ціхае жаласнае хліпанне. Зарэцкі.
хлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Ціха плакаць; усхліпваць. [Маці] толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Мележ. Белагаловая дзяўчынка сядзела трохі воддаль і хліпала, выціраючы кулачкамі заплаканыя вочы. Чыгрынаў.
2. перан. Слаба, мігатліва гарэць. Лямпа, якая вісела перад сталом прэзідыума, чамусьці пачала хліпаць усё мацней і мацней. Паслядовіч. Газоўка хліпала вечарам. Барадулін. Недзе ля Ялты раз-поразу загараўся зялёны агеньчык маяка; ён хліпаў бясконца, пасылаючы ў мора супакаенне начным вандроўнікам. Карамазаў.
хлі́пкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Слабы, хілы. Гэта быў маленькі, хліпкі чалавек сярэдніх год. Пянкрат. // перан. Слабахарактарны, бязвольны. Бацька мой засцерагаў таварышаў, што Павэлак — чалавек хліпкі, ненадзейны, што лепш яго адсунуць ад сябе, пакуль не позна. Гарэцкі.
2. Нямоцны, ненадзейны, нетрывалы. Сходкі былі хліпкія, вузкія, без усякіх поручняў — проста дзве нядбайна збітыя цвікамі дошкі. Асіпенка. // Гразкі, багністы. Магутныя гусенічныя трактары, зарываючыся ў хліпкае балота аж да верху гусеніц, цягнуць на буксіры гружаныя лесам аўтамашыны. Мяжэвіч.
хлі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да хліпаць.
хло́панне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлопаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Надзя чула потым праз сон нейкую невыразную мітусню ў вагоне, .. глухое хлопанне дзвярэй. Лынькоў.
хло́паўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Тое, што і хлапушка (у 1 знач.). Недзе там, на левым флангу, як удар дзіцячай хлопаўкі, прагучаў адзіночны стрэл. Асіпенка.
хло́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць кароткі, глухі гук, стукаючы чым‑н. Пасля ў бярэзніку — шмат дзе — доўга хлопалі крыламі спалоханыя птушкі, як бы хто ў рукавіцах біў у далоні — далёка, аж на імшары. Пташнікаў. // З грукатам зачыняцца (пра дзверы, вокны і пад.). Хлопаюць дзверы вестыбюля, заціхаюць лёгкія Галіны крокі, і зноў цішыня, як у скляпенні. Парахневіч. // Разрываючыся, страляючы і пад., утвараць кароткі рэзкі гук. Несціхана хлопалі піўныя бутэлькі. Гартны. Маторчык страляе, хлопае, а потым заходзіцца ў частых пошчаках. Даніленка.
2. каго. Стукаць па чым‑н., звычайна з шумам. [Перагуд:] Эх, друг! (Хлопае Дубаўца па палене). Харошы ты хлопец. Давай мы з табой пацалуемся. Крапіва. — Ох ты, Валянцін! — усміхаецца, выходзіць з-за стала і хлопае мяне па плечуку Мікалай Назаравіч. Мыслівец.
хло́пец, ‑пца, м.
Малады чалавек, юнак. Дэмабілізаваўся хлопец з арміі, прыехаў у родную вёску. Хадкевіч. За сталом старшыні ён убачыў такога ж, як сам, маладога хлопца. Дуброўскі. // Нежанаты мужчына. У Сцяпана Лісоўчыка — усё дочкі. Вясёлы, гаманкі быў, калі ў хлопцах хадзіў. Ракітны.
•••
Свой хлопец — просты, вясёлы, кампанейскі чалавек (мужчына).
хло́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да хлопаць.
хло́пча, клічная форма ад наз. «хлопец», м.
Разм. Ужываецца як сяброўскі зварот да каго‑н. [Дзядуля:] — А ты мне ў дарадчыкі, хлопча, не варты, Яшчэ ты, сынок, не дарос. Бялевіч. Лёня спытаў у мяне: — Адкуль ты, хлопча, будзеш родам? Сабаленка.