хлебаро́бства, ‑а, н.
Апрацоўка зямлі для вырошчвання хлеба (у 3 знач.). // Занятак хлебароба.
хлебаро́бчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хлебаробства.
хлебаро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які дае вялікі ўраджай хлеба; урадлівы. Хлебародны год. □ Сягоння мы гутарыць будзем З табою [Новым годам] да ранняй зары. Аб тым, што прынёс ты краіне, Пасёлкам яе, гарадам, Палям, хлебародным далінам, Рыбацкім густым невадам. Танк.
хлебарэ́з, ‑а, м.
Рабочы, заняты рэзкай хлеба.
хлебарэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Прыстасаванне для рэзкі хлеба. Электрычная хлебарэзка.
2. Разм. Жан. да хлебарэз.
хлебарэ́зны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для рэзкі хлеба. Хлебарэзны нож. Хлебарэзны, стол.
хлебасо́л, ‑а, м.
Гасцінны чалавек. Падаўняму Іван — хлебасол вялікі, любіў прыняць людзей з форсам, з размахам, каб пілі, елі, гулялі, колькі душа пажадае. Навуменка.
хлебасо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жан. да хлебасол.
хлебасо́льны, ‑ая, ‑ае.
Які ветліва, гасцінна сустракае і частуе. Хлебасольная сям’я. □ Каб на гэтай зямлі, Дзе жыве Працавіты народ хлебасольны, Што гасціннасцю ўсюды слыве, Не было хлеба з соллю ўволю? Аўрамчык.
хлебасо́льства, ‑а, н.
Гатоўнасць і ўменне гасцінна сустрэць і пачаставаць. Хлебам-соллю госця сустракаем, Пі ды еш і будзь у нас, як дома — Хлебасольства наша ўсім вядома. Пысін.