Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хлапе́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хлапца; належыць, уласцівы хлапцу. Святланай аказалася танклявае і рослае, па плячо Андрэю, дзяўчо ў чорных штанах і чырвонай, у клетку, хлапечай кашулі. Мехаў. Другая Клаўдзіна сястра, Вікторыя, высокая, чарнявая, з кароткай хлапечай стрыжкай, наразала сала на краі стала. Асіпенка. І повен.. [Уладзя] быў хлапечага задору. Чорны.

хлапу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Елачная цацка ў выглядзе папяровай трубачкі, якая, разрываючыся, утварае рэзкі гук.

2. Прыстасаванне ў выглядзе акраўка скуры, гумы і пад. на ручцы для знішчэння мух.

3. Шматгадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з белымі кветкамі, чашачка якіх з трэскам лопаецца пры ўдары.

хлапчаня́ і хлапчанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Маленькі хлапец; хлопчык.

хлапчо́, ‑чаці, н.

Разм. Хлапец, хлопчык. «Які ж ты мужчына, — з горкай тугою падумала Ксеня. — Ты зусім яшчэ хлапчо». Васілёнак.

хлапчу́к, ‑а, м.

Невялікі хлапец, падлетак. Хлапчукі бягуць гурбой Ды крычаць наперабой: — Дожджык, дожджык, секані, Я паг еду на кані!.. Арочка. [Кастусь:] — Семінарыя сёе-тое дала.. Прыйшоў сюды кожны з нас хлапчуком, а пакідае дарослым чалавекам, — гэта многае значыць! С. Александровіч. Хлапчук хоць яшчэ і падлетак, але ўжо большы за матку, бо яна — жанчына маларослая і шчуплая. Кулакоўскі.

хлапчуко́вы, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для хлопчыкаў (звычайна пра адзенне). Хлапчуковыя чаравікі.

хлапчы́на, ‑ы, м.

Разм. Малады чалавек, дзяцюк. І вось у гэты час да нас падышоў высокага росту, добра адзеты хлапчына гадоў дваццаці. Пальчэўскі. — Памесцімся, — супакоіў нас шафёр, вясёлы гаваркі хлапчына, відно, вялікі ахвотнік да сваіх дарожных стрэч і знаёмстваў з самым розным людам. Васілевіч. // Рослы, плячысты малады чалавек. [Бацька:] — Мужчына ж, канешне! Эх, а хлапчына які вялікі вырас за гэтыя чатыры гады. Мележ. Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. Зарэцкі.

хларава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлараваць.

хларава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад хлараваць.

2. у знач. прым. Апрацаваны хлорам, насычаны хлорам. Хлараваная вада.

хларава́цца, ‑руецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) хлараваным.

2. толькі незак. Зал. да хлараваць.