Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бальшаві́к, ‑а, м.

Член бальшавіцкай партыі; паслядоўнік бальшавізму, камуніст.

бальшаві́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бальшавізму, бальшавікоў. Бальшавіцкая праграма. Бальшавіцкая тактыка. Бальшавіцкая фракцыя. // Уласцівы бальшавікам. Бальшавіцкая прынцыповасць.

бальшаві́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да бальшавік.

бальша́к, ‑а, м.

Вялікая (у адрозненне ад прасёлачнай) дарога; шлях. [Рыгор] спыніўся прыкладна за кіламетр ад вёскі, там, дзе ад бальшака адгаліноўваецца палявая дарога на Бугры. М. Ткачоў.

бальшу́н, ‑а, м.

Разм. Старэйшы хлапчук з дзяцей у сям’і; падлетак. Раніцай Андрэй нашлёпаў Лёвачку, каб бальшун сам адзяваўся. Лобан. // Наогул большы па ўзросту. У канцы алеі Гушкалкі мільгаюць — Бальшуны паселі, Пад неба ўзлятаюць. Калачынскі.

бальшу́ха, ‑і, ДМ ‑шусе, ж.

Жан. да бальшун.

балюстра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Поручні з фігурнымі слупкамі, што ўпрыгожваюць балконы, тэрасы, галерэі, лесвіцы. [Стэфа:] — На другім паверсе, за балюстрадай, грымеў аркестр. Савіцкі.

[Фр. balustrade.]

балюстра́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да балюстрады.

балю́ча,

1. Прысл. да балючы (у 2, 3 знач.).

2. безас. у знач. вык., каму-чаму і з інф. Пра фізічны і душэўны боль. Калі мы падышлі да рэчкі, узышло сонца, і снег так заблішчаў, што ажно вачам стала балюча. Хомчанка. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў [Даміра] стрымаць сябе. Асіпенка.

балю́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць балючага. [Ад слоў] дзедавай песні.. разліваецца па ўсім целе сцюдзёная, незразумелая балючасць. Галавач.