Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хутара́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хутараніна, належыць яму. [Уладзя] тады наўмысля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну. Чорны.

ху́тарны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і хутарскі. Хутарная забудова.

хутаро́к, ‑рка, м.

Памянш. да хутар. На другі дзень, раніцай, на невялікім хутарку.. [Грэчку] удалося дастаць крыху хлеба. Мележ. Насупраць хутарка паляўнічага Вышамірскага, на зямлі карчмара стаяла пустая хата. Бядуля.

хутарскі́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да хутара. Хутарскія будынкі. □ Дзень добры, роднае сяло! Бывай, сядзіба хутарская!.. Арочка. // Які жыве на хутары. На дварэ вусаты дзядзька — хутарскі гаспадар — ладзіў воз. Чорны. І мы з табою закахацца Паспелі ў хутарскіх дзяўчат. Панчанка. // Уласцівы хутараніну, жыццю на хутары. І як жа тут сказаць ёй, Людзе, пра ўсё, як яе вырваць адгэтуль, з гэтай старой глухамані, з гэтай хутарской ідыліі, у якую яна і сама, здаецца, урастае з прыемнасцю? Брыль. [Рыгор] не замыкаўся ў сваёй хутарской адзіноце. Сабаленка.

хутарыза́цыя, ‑і, ж.

Перасяленне сялян з вёсак на хутары. У час правядзення хутарызацыі і Анупрэй і Нічыпар разам з беднатою выступаюць супраць каморнікаў і паліцыі, змагаюцца за агульныя інтарэсы сялянства. Гіст. бел. сав. літ.

хутарэ́ц, ‑рца, м.

Разм. Памянш.-ласк. да хутар; невялікі хутар. Косая сцежка вырываецца з парасніку і лена ўзбягае на ўзгорак пад самы хутарэц. Мурашка. Рудзінскія таксама жывуць на канцы сяла. Нават не на канцы, а наводшыбе, так, як бы свой хутарэц. Скрыган.

ху́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Старанна ўхутвацца ў што‑н., добра ўкрывацца. Адвыкшы ад свежага паветра, Рыгор зябка хутаўся ў каўнер кажуха. Крапіва. Дачка засмяялася, хутаючыся ў халат і па-дзіцячаму, кулачком, праціраючы заспаныя вочы. Шамякін. Людзей было небагата, тыя, хто заходзіў на прычал, хуталіся ў каўняры, хаваліся пад парасоны і неўзабаве сыходзілі. Мележ. // перан. Густа пакрывацца (туманам, імглой і пад.). Непрывабная сцюдзёная далячынь хуталася ў тумане. Быкаў.

ху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Старанна ўхутваць у што‑н., добра ўкрываць чым‑н. [Ірына] прыціскала да сябе дзіця, хутала яго ў старую коўдрачку, сагравала сваім дыханнем. Лынькоў. Рэдкія пешаходы хуталі галовы ў настаўленыя каўняры — вуліцы пранізваў студзеньскі вецер. Васілевіч. / у перан. ужыв. Цішыня плыла з усходу, з лесу, разам з хмарамі і сонцам, і хутала сабою загуменне і шырокае поле. Пташнікаў. Свецяць зоры, і цёмны змрок хутае дрымоту. Каваль.

ху́тка,

1. Прысл. да хуткі (у 1, 3 знач.).

2. у знач. вык. Пра хуткае наступленне чаго‑н., набліжэнне да чаго‑н. «Хутка каляды... А там і Новы год», — думала Алаіза. Арабей. [Чалавек] усё дапытваўся, ці хутка канец дарозе, як там у партызан... Лынькоў.

хутка...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову хуткі, напрыклад: хуткабежны, хуткакрылы.