Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хітрава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі хітры. Вычыха хітраватая, але часам залішне меле языком і можа выбалбатаць тое, пра што думае. Кулакоўскі. // Які выражае пэўную хітрасць або сведчыць пра яе. [Ячны] падміргнуў мне, нібы змоўшчык, хітраватым вокам. Брыль. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Мележ.

хітрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Тое, што і хітрыць. [Марцін] ужо не сумняваўся, што Пронька хітруе і шукае карысці для сябе. Каваленка. [Голуб:] «Чэсным хітраваць нідзе не трэба. Калі што, то добра знаю я: Для мяне высокае ёсць неба І, як камень, цвёрдая зямля»... Сербантовіч.

хітраму́драсць, ‑і, ж.

Уласцівасць хітрамудрага; хітрасць, вынаходлівасць розуму.

хітраму́дры, ‑ая, ‑ае.

Які выдзяляецца вынаходлівым розумам. [Іван Пераход:] — Ну, думаю, ты хаця і хітрамудрая, але я перахітру і перамудру цябе!.. І ў першую ж палучку пашыбаваў у кнігарню. Васілёнак. Я не быў такім хітрамудрым, а напісаў папросту і шчыра: «Мой бацька бедны, а да навукі я здольны». Дубоўка. // Які хітра і ўмела прыдуманы, зроблены. Аўгіня.. умела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітрамудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Бядуля. Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.

хітраспляце́нне, ‑я, н.

1. Складанае вычварнае перапляценне чаго‑н. Хітраспляценне арнаментаў. // перан. Пра складанае перапляценне якіх‑н. фактаў, падзей. А я, біты, цёрты, не веру ў такое хітраспляценне інтрыг. Шамякін.

2. Складаная будова, развіццё, падача чаго‑н. (сюжэта, думак, ідэй і пад.). Пісьменнік імкнецца зацікавіць чытача не хітраспляценнямі сюжэта, а ўвагай да духоўнага свету гераіні. Шкраба.

хі́трасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць хітрага. Пра хітрасць лісіцы нямала напісана. □ Вядома, гэта не было так выразна і проста сказана, а з мужычай хітрасцю, і Тоўхарт заўважыў гэта. Чорны.

2. Учынкі, прыёмы, паводзіны, разлічаныя на ўвядзенне каго‑н. у зман. Алесь не спіць — ён у трывозе: Што на сягонняшняй дарозе Яго з «начаткамі» чакае? Як сойдзе хітрасць яго тая? Колас. Але на гэты раз маленькая хітрасць дачкі не дапамагла. Шахавец. // Дзеянне, накіраванае на падман праціўніка. Апёкшыся на першай хітрасці, маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара. Брыль. Але Генька ведаў, што ворага трэба браць не толькі сілай, але і хітрасцю. Паслядовіч.

3. Выкрутлівасць, спрытнасць. Любамір выглядаў гэтакім прасцячком, хаця на самай справе хітрасці яму не пазычаць. Шыцік. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай, і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

4. Тое, што зроблена з майстэрствам, адмыслова. Замок з хітрасцю. □ Асабліва захаплялі розныя.. хітрасці [скрыпкі] пасля таго, калі я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем. Кулакоўскі. [Ягор] уважліва агледзеў кручкі, паплаўкі, змераў вачыма тоню і, відаць, не знайшоўшы ў іх ніякай рыбацкай хітрасці, адказаў: — Вось гэта ўлоў! Ігнаценка.

•••

Не вялікая хітрасць з інф. — не цяжка, не складана.

хітру́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Вельмі хітры чалавек. Заўважыўшы ў поцемках людзей, хітруга гэты адразу ж накіраваўся проста на іх. Дуброўскі. / Пра жывёл, птушак. — От хітругі, пранюхалі, што кукурузу будзем тут сеяць, — скардзіцца на гракоў Тася. Бялевіч.

хітру́н, ‑а, м.

Хітры чалавек; махляр, круцель. А зманіў жа стары хітрун, ніколі ён у Гвардыяна не піў таго чаю і не ўзяў бы ніколі, хай там немаведама што! Зарэцкі. [Мікіта:] — Не, не дажджэш ты, каб я за цябе плаціў! Сам жа ты здай дваццаць пудоў. Хітрун знайшоўся. Галавач. / Пра птушак, жывёл. [Міша:] — Гарнастай! Бач, хітрун, рыбкай ласуецца. Ігнаценка.

хітру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.

Хітрая жанчына, махлярка. І гэтая прыгажуня з першага ж дня пачала неяк занадта шчыра завіхацца каля ўрача. Хітруха. Шамякін. [Касперскі:] Хітруха! Не так лёгка мяне, старога, правесці. Бачу, што да чаго. Гурскі.

хітру́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і хітрэнны. Ён [брат], хітрушчы і вынаходлівы, прыдумаў версію, паводле якой на Васіля напалі партызаны, і, маўляў, таму давялося самому выратоўвацца — уцякаць. Кавалёў. Ахметка ссунуў на патыліцу цюбецейку і зірнуў на Люсю і Валю хітрушчымі вачыма. Даніленка.