балотазна́ўства, ‑а, н.
Навука пра балоты і іх спецыфічныя ландшафты, пра іх развіццё і гаспадарчае выкарыстанне; галіна геаграфіі. [Прафесар:] — Раней тут былі азёры. З цягам часу яны пазарасталі, ператварыліся ў балоты.. Гэтая распаўсюджаная з’ява вам вядома з курса балотазнаўства. Дуброўскі.
балотаўтвара́льны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з утварэннем балот. Самым характэрным для Палесся з’яўляецца шырокае развіццё балотаўтваральнага працэсу, які прывёў да наяўнасці велізарнай плошчы балот і забалочаных зямель. «Беларусь».
балотаўтварэ́нне, ‑я, н.
Паступовае ператварэнне нізінных занадта вільготных мясцін у балоты.
бало́тнік, ‑у, м.
Расліна сямейства балотнікавых; вадзяная зорачка.
бало́тнікавыя, ‑ых.
Сямейства раслін, пераважна аднагадовых траў з лістамі, якія цалкам знаходзяцца ў вадзе, або маюць, акрамя лісця, лісцевую разетку, што плавае на паверхні вады.
бало́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да балота; уласцівы балоту. Балотная твань. Балотныя глебы. // Прызначаны для работы на балоце. Балотны плуг. Балотныя боты. // Які расце, жыве на балоце. Балотная трава. Балотная птушка. □ Над грэбляй пранеслася шыракакрылая балотная сава. Самуйлёнак.
•••
Балотная ліхаманка гл. ліхаманка.
Балотны бабёр гл. бабёр.
Балотны газ гл. газ 1.
бало́тца, ‑а, н.
Невялічкае балота. Балотца наша — нешта сярэдняе паміж балотам і сажалкай: вясною яно ператвараецца ў сапраўдную сажалку, а ў летнюю спёку — у сапраўднае камарынае балота. Якімовіч.
бало́ціна, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і балаціна. Балоціна была ўся ў пнях і ў лазняку, а трава там радзіла добрая... Ракітны. Каб ямчэй было потым нарыхтоўваць, капаць торф у балоціне, бульдозер выварочваў і ссоўваў на межы смольныя пні. Капыловіч.
бало́цісты, ‑ая, ‑ае.
1. Багаты на балоты. Балоцісты край.
2. Забалочаны, багністы. Вясной.. [рэкі] выходзілі з берагоў, шырока разліваліся па нізінах, паглынаючы шматлікія рачулкі, раўчукі і лясныя азёры, затапляючы ўсё навакол, ператвараючы балоцістую мясцовасць у суцэльны водны прастор. В. Вольскі.
балтавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да балта.