балко́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да балкона. Балконныя дзверы.
бало́метр, ‑а, м.
Высокаадчувальны прыбор для вымярэння энергіі выпраменьвання.
[Грэч. bolē — прамень і metron — мера.]
бало́н, ‑а, м.
1. Металічная, шкляная або гумавая пасудзіна для газаў ці вадкасці. На вадзе, крокаў за дзесяць ад берага, пагойдвалася паміж абшарпаных пантонаў чырвоныя балоны земснарада. Чыгрынаў.
2. Гумавая аўтамабільная і інш. камера, якая напаўняецца паветрам. Шафёр выскачыў з машыны і заклапочана стукаў наском чаравіка па залатаных балонах. Шамякін.
3. Газанепранікальная абалонка аэрастата, дырыжабля і інш.
[Фр. ballon.]
бало́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Абл.
1. Аконнае шкло, шыба. Побач лена, нібы засынаючы на зіму, гудзе муха: спрабуе пераадолець незразумелую перашкоду — балонку акна, праз якую і ўсё відно і не вылеціш... Сіпакоў.
2. Уст. Старонка кнігі, часопіса. Не кранулі мае пальцы Ні балонкі з гэтых твораў. Глебка.
бало́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Парода маленькіх хатніх сабачак з доўгай мяккай шэрсцю.
[Ад геагр. назвы.]
бало́нне, ‑я, н.
Разм. Тое, што і балонь. Адсюль ужо відаць рэчка і вялікае балонне, усё залітае вадою. Лупсякоў.
бало́нневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да балонні. // Зроблены з балонні. Балонневы плашч. Балонневая куртка.
бало́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да балона. Балонная газіфікацыя. // Прызначаны для вытворчасці балонаў. Балонны цэх.
бало́ння, ‑і, ж.
Капронавая плашчавая тканіна з аднабаковым непрамакальным пакрыццём. Паўлік быў у куртцы з балонні. Гаўрылкін. // Разм. Плашч або куртка з такой тканіны.
бало́нь, ‑і, ж.
Разм. Нізкі заліўны луг каля ракі. Разлілася рака. Яна выйшла з берагоў і заліла балонь на левым беразе аж да лесу. Чарнышэвіч.
бало́та, ‑а, М ‑лоце, н.
1. Нізкае багністае месца, звычайна з стаячай вадой і вільгацелюбнай расліннасцю. Тарфяное балота. Багністае балота. Асушэнне балот. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. Прастор, зарослы асакой, пераходзіць у куп’істае балота. Чорны.
2. толькі адз. Разм. Вялікая гразь на вуліцы, у двары. Балота скрозь на ўсім двары, Куды ні кінеш вокам — смецця горы. Корбан.
3. толькі адз.; перан. Усё, што характарызуецца застоем, адсутнасцю жывой дзейнасці, маральным падзеннем. Мяшчанскае балота. □ — Я да цябе параіцца прыйшоў, Андрэй, — сказаў Сымон. — Папаўся я ў такое балота, што не ведаю, як вылезці. Чарнышэвіч.