Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бале́льшчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да балельшчык.

бале́льшчыцкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да балельшчыка, балельшчыкаў, уласцівы ім. Балельшчыцкія сімпатыі.

балеро́, нескл., н.

1. Іспанскі народны танец, які суправаджаецца спевамі і прыцокваннем кастаньет. // Музычны твор у рытме гэтага танца.

2. Частка нацыянальнага іспанскага ўбрання ў выглядзе кароткай безрукаўкі.

[Ісп. bolero.]

балеры́на, ‑ы, ж.

Артыстка балета; танцоўшчыца.

[Іт. ballerina.]

бале́сны, ‑ая, ‑ае.

Абл.

1. Хваравіты (у 1 знач.). [Дзядзька Прахор] быў балесны і заўсёды, зашыўшыся ў куток, курыў і кашляў. Сабаленка.

2. Які адбываецца з болем, выкліканы болем, балючы. Здалося? Не, не здалося. У цішыні раптам прагучаў балесны стогн. Караткевіч.

бале́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Від тэатральнага мастацтва, у якім драматургічная задума раскрываецца ў танцавальна-музычных вобразах. Рускі балет.

2. Спектакль на пэўны сюжэт, змест якога даносіцца сродкамі танца, мімікі і музыкі. // Музычны твор, які ляжыць у аснове такога спектакля. Новы свой твор — балет «Князь-возера».. В. А. Залатароў прысвяціў слаўнаму 30‑годдзю Беларускай ССР. «Беларусь».

3. Калектыў артыстаў, якія выконваюць балет. Артысты балета.

•••

Балет на лёдзе — від харэаграфічнага мастацтва, у якім танцы выконваюцца на каньках.

[Фр. ballet.]

балетама́н, ‑а, м.

Заўзяты аматар балета як відовішча.

балетама́нія, ‑і, ж.

Незвычайнае захапленне балетам як відовішчам.

балетама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да балетаман.

бале́ткі, ‑так; адз. балетка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Лёгкі, мяккі абутак у выглядзе туфляў без абцасаў. Андрэй толькі цяпер заўважыў, што .. [дзяўчынка] была ў балетках і таму бегала ціхенька, як кошачка. Лобан.