балва́н, ‑а, м.
1. Вылепленая або высечаная з якога‑н. матэрыялу фігура чалавека. Насупраць ганка стаяў вылеплены Мсціславам снегавы балван. Караткевіч.
2. Лаянк. Дурань. І раптам Валодзю нясцерпна захацелася прымусіць гэтых балваноў выцягнуцца перад ім. Новікаў.
балва́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Спец. Металічны злітак грубай формы для якога‑н. вырабу. Стальная балванка.
балга́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Балгарыі, балгараў. // Які знаходзіцца ў Балгарыі. Балгарская Акадэмія навук. // Выраблены ў Балгарыі. Балгарскія сувеніры.
балга́ры, ‑аў; адз. балгарын, ‑а, м.; балгарка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. балгаркі, ‑рак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Балгарыі.
балдахі́н, ‑а, м.
Заслона пераважна з каштоўнай тканіны на слупках над ложкам, катафалкам, насілкамі і пад. Спальня караля. Вялізны ўпрыгожаны ложак пад балдахінам. В. Вольскі.
[Іт. baldacchino.]
балдахі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да балдахіна.
бале́йка, ‑і, ДМ ‑лейцы; Р мн. ‑леек; ж.
Невялічкая балея. [Іван:] — У балейцы абручы заржавелі, рассыпаецца балейка, яшчэ з тыдзень і не будзе ў чым бабе мыць бялізну... Карпюк.
бале́льшчык, ‑а. м.
Разм. Заўзяты аматар спартыўных спаборніцтваў. Каля вясёлых хлапчукоў сабраліся балельшчыкі, няўрымслівыя, як і самі футбалісты. Няхай. // Той, хто перажывае за што‑н., клапоціцца аб чым‑н., стараецца дапамагчы нейкай справе. — Глядзі, глядзі, — звяртаўся да свайго суседа па крэслу калгасны вартаўнік, вядомы ўсяму сялу грамадскі актывіст і балельшчык мясцовай самадзейнасці дзед Сілівон. Краўчанка.