Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

балачы́на, ‑ы, ж.

Абл.

1. Балота, балацявіна. Сумаваў я па айчынных Поймах, рэках, балачынах. Калачынскі.

2. Воблака, хмарка. У .. неба падымаў крылы вятрак, нібы перадаючы сваё ранішняе прывітанне далёкай, яшчэ не ўдужэлай балачынцы. Скрыган.

балбата́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. балбатаць.

балбата́ць, ‑бачу, ‑бочаш, ‑боча; незак.

Разм.

1. што і без дап. Шпарка, несупынна гаварыць. Эдзік жа балбатаў без перапынку, расказваў пра леташняе жыццё ў палатцы і пра ўсё, што толькі траплялася на язык. Гаўрылкін. // без дап. Бегла гаварыць на замежнай мове. Балбатаць па-французску.

2. без дап. Гаварыць гучна, але невыразна. [Платон:] — Салдатня балбатала, бразгала кацялкамі, вёдрамі — ранак марозны, усё аж грыміць. М. Ткачоў. // Утвараць гукі, падобныя на невыразную гаворку (пра птушак). За бярэзнікам, каля сасновага бору, балбатаў цецярук. Ляўданскі. [Лубяніха:] — У двары індыкі балбочуць, куры-цацаркі важна пахаджваюць. Ракітны.

3. што і без дап. Распускаць чуткі; гаварыць пра тое, пра што лепш маўчаць. [Кулеш:] — Балбочуць у вёсцы, што партызаны заходзяць да Масола. Праўда гэта? — Сам кажаш, што балбочуць. Значыць, балбатня і ёсць, — адказала Палагея. Шамякін. [Цётка К у ліпа:] — Ад злога вока нікуды не схаваешся. Цяпер пачнуць рознае балбатаць. Жычка.

4. без дап. Займацца пустымі размовамі, а не справай. Балбатаць, вядома, лягчэй, чым рабіць. Паслядовіч.

5. без дап. Булькаць — пра ваду, што бяжыць або кіпіць. Так весела ў каменьчыках Балбоча ручаёк. Колас.

балбатлі́васць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць, характэрная рыса балбатлівага. Вы прабачце ўжо маю старэчую балбатлівасць. Васілёнак.

балбатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Празмерна гаваркі. Рокаш нібы і не слухаў, што апавядаў балбатлівы чыгуначнік. Паслядовіч. // Які не можа захоўваць тайну. Алёша ніяк пасля не мог зразумець, як у яго, чалавека не балбатлівага, вырвалася гэта. Шамякін.

балбатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да балбатаць (у 3 знач.). Ну, балбатнуў, і так ён [Суслік] быў нядужы, Ды закруцілася ад хмелю галава. Корбан.

балбатня́, ‑і, ж.

Разм. Пустая, марная размова; пустаслоўе. [Паходня:] — Завялі сварку, прыпомнілі нейкія старыя рахункі — так у балбатні і прайшоў цэлы вечар. Хадкевіч. Андрэй выхваляцца не будзе, з балбатні няма толку, але рабіць тое-сёе пачне. Ермаловіч. // Выдумкі, плёткі. Хмялеўскі ведаў толькі тое, што ўся гэтая балбатня пра гарэлку і пра валоў пустое. Чарнышэвіч.

балбату́н, ‑а, м.

Разм.

1. Той, хто занадта многа гаворыць. — От балбатун! — адказвае маці. — Памаўчы хоць хвілінку. Гарбук. // Чалавек, які толькі абяцае, а нічога не робіць; пустаслоў. Ды і сам Барыс выглядаў бы салідна, а не звычайным балбатуном, што абяцае на сотню, а не робіць і на грош. Курто.

2. Выдумшчык, пляткар. Сход ведае .. [солтыса] як аблупленага, і не верыць яму ні на грош, таму дружным выбухам кпінаў прымушае змоўкнуць балбатуна. У. Калеснік.

балбату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Разм. Жан. да балбатун.

балбату́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Ласк. да балбатуха.