Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

балаці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. каго. Выбіраць каго‑н. закрытым галасаваннем шляхам падачы бюлетэняў. Балаціраваць кандыдатуру.

2. што. Ставіць на галасаванне. Балаціраваць прапанову.

[Фр. ballotter.]

балаціро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для балаціроўкі. Балаціровачны бюлетэнь.

балаціро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. балаціраваць.

балацяві́на, ‑ы, ж.

Разм. Нізкае забалочанае месца. На перасохлай балацявіне жаўцее не кранутая касой жорсткая трава. Навуменка. Дамба стаяла як помнік марнатраўству былога дырэктара лясгаса, якому прыйшло ў галаву праз балацявіну і рэчку пракласці зусім непатрэбную дарогу. Карамазаў.

балаця́нік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Разм. Уласцівы балоту пах. Балацянікам цягне, настоем Чарамшынных лістоў, палыну. Хведаровіч.

2. ‑а. Прэснаводны малюск класа бруханогіх, які жыве ў спіральна закручаных ракавінах.

3. ‑а. Міфічная істота, якая быццам жыве на балоце. Там, дзе прэў у дрыгве барадаты алешнік, дзе лясун з балацянікам дружбу вадзіў,.. праз калгаснае поле пабегла дарога. Дудар.

балаця́ністы, ‑ая, ‑ае.

Багністы, гразкі. Я ледзьве паспяваў за Уладзікам, а як толькі мы выбеглі за ручай на балацяністае куп’ё, Уладзік і зусім адазваўся ад мяне. Карамазаў.

балаця́нішча, ‑а, н.

Разм. Месца, дзе раней было балота. Увабраўшы [галаву] у плечы і зябка пацінаючыся ад начнога холаду, чалавек пайшоў, хістаючыся, пустыром на балацянішча, парослае алешкавым параснікам. Лынькоў.

балаця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Забалочанае месца. Летам балацянка высыхала і толькі пасярод яе бег паўнаводны ручай. Федасеенка. Церпкі смольны пах перамешваецца з густой млявай парнасцю — яна плыве з балацянкі. Навуменка.

балаця́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да балота; уласцівы балоту. Цераз лугі, Балацяную твань Лёгка бяжыць, Выгінаючы спіну, Сцежкай знаёмай Люстраная Лань. Хведаровіч. Закругленне ішло па высокім насыпе, .. у канцы якога быў мост цераз лясную балацяную рачулку. Лынькоў. // Які ўзнікае над балотам. Балацяны туман.

бала́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Пустая, непатрэбная размова. [Начальнік дэпо:] — Вы б, Савелій Лявонавіч, чым пустымі балачкамі займацца, узялі б хоць інструкцыю аб вугальных кранах ды вывучылі б яе добра. Лынькоў. Праўда, з тых.. [Мікодымавых] балачак сёй-той смяяўся. Сабаленка.