бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.
2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.
бясце́невы, ‑ая, ‑ае.
Які не ўтварае ценю. Марына ўключыла вялізную бясценевую лямпу. Марціновіч.
бясцэ́нак, ‑нку, м.
У выразе: за бясцэнак (пра куплю-продаж) — вельмі танна. Часцей за ўсё.. [Лявона] можна было сустрэць на рынку ці ў сваім райцэнтры, дзе ён скупляў за бясцэнак масла, яйкі і іншыя прадукты. Корбан.
бясцэ́ннасць, ‑і, ж.
1. Тое, чаму няма цаны, высокая каштоўнасць чаго‑н. Бясцэннасць скарбаў сусветнай культуры.
2. Тое, што страціла сваю вартасць, стала малакаштоўным.
бясцэ́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вельмі вялікую вартасць, вельмі дарагі, вельмі каштоўны. Бясцэнны скарб. □ Баракаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, .. карціны. Караткевіч. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. // перан. Дарагі, мілы; цудоўны. Бясцэнны друг. □ У характары Драгуна бясцэнная якасць, — што б ні здарылася, не губляе гумару. Навуменка.
бясця́главы, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Свабодны ад цягла. Бясцяглавы мужык.
бясча́ссе, ‑я, н.
Уст. Пара непаладак, час грамадскага і культурнага застою.
бясчу́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае здольнасці адчуваць; пазбаўлены гэтай здольнасці ў выніку чаго‑н. Бясчулае цела. □ У вачах маіх стаяў гэты раптоўна выбухнуўшы малюнак, у сэрцы — Вольчыны слёзы над бясчулаю мацераю. Нікановіч.
2. Які не праяўляе чуласці, спагадлівасці ў адносінах да каго‑н.; раўнадушны. Бясчулы чалавек. □ Расступаюцца натоўпы перад сівымі надутымі, бясчулымі генераламі. Гартны.
бясчы́нства, ‑а, н.
Грубае парушэнне парадку, агульнапрынятых нормаў; вельмі благі, непрыстойны ўчынак. [Скуратовіч:] — Вы думаеце, гэта адно каля нас робіцца такое бясчынства? Вы не чулі, што ў горадзе парабілася? .. Прадразвёрснага камісара ў гэтую самую ноч забілі. Чорны.