бяскры́лы, ‑ая, ‑ае.
Які не мае крылаў. Бяскрылыя насякомыя. Бяскрылы страус. // перан. Пазбаўлены творчай сілы. Абком і гарком паставілі задачу — зрабіць мікрараён найпрыгажэйшым у горадзе, самым сучасным па архітэктурным вырашэнні, і некалькі бяскрылых праектаў ужо былі адхілены. Шамякін.
бяскры́ўднасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бяскрыўднага.
бяскры́ўдны, ‑ая, ‑ае.
Які не робіць крыўды, не прыносіць непрыемнасцей; мірны, нявінны. Але да яе [Машы] непакою за пасевы азімых аднесліся з бяскрыўднай сялянскай іроніяй. Шамякін. // Няздольны пакрыўдзіць; няшкодны. Разам з другімі рагатаў і «князь». Смяяўся шчыра, да слёз, і на хвіліну здаўся бяскрыўдным дзіцем, якому яшчэ патрэбна нянька. Карпюк. // Няздольны пакрыўдзіцца, някрыўдны; вельмі дабрадушны. [Павел] быў настолькі бяскрыўдны і бездапаможны, што з ахвотай адклікаўся, калі мы яго клікалі барабаншчыкам. Чарнышэвіч.
бяспа́лубны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае палубы. Бяспалубнае судна.
бяспа́льцы, ‑ая, ‑ае.
У якога няма (ці нехапае) пальцаў.
бяспа́мятнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бяспамятнага, няпамятлівасць.
бяспа́мятны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вельмі слабую памяць; няпамятлівы. Алеся лаюць за [божы] закон: — Ото бяспамятны дурніца! Бадай ты спрогся быў, тупіца! — Смяюцца, строяць з хлопца кпіны. Колас.
бяспа́мяцтва, ‑а, н.
1. Страта свядомасці; непрытомнасць. Пад вечар у .. [Зынгі] з’явілася гарачка. Ноччу ён упаў у бяспамяцтва. Чорны.
2. Тое, што і бяспамятнасць. [Сабастыяну] хочацца трошкі пакпіць з жонкі, з яе гэтага бяспамяцтва. Сабаленка.