бяско́лерны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае колеру, не афарбаваны. Бясколерная вадкасць. □ Чысты алмаз бясколерны, з моцным бляскам, ён вельмі добра праводзіць электрычны ток. «Маладосць». // Выцвілы, невыразны. І цётка Палагея, не то любуючыся скопам, не то сваёй работай, усміхнулася Антону сваімі некалі сінімі, як васількі, а цяпер бясколернымі вачамі і ўсім сваім маршчыністым, але ззяючым прыемным тварам. Сіўцоў. // перан. Пазбаўлены яркіх рыс, нічым не адметны; невыразны. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба.
бяско́нны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які не мае каня, коней. Бясконная гаспадарка. // Без каня. За надзел зямлі, які, вядома, таксама належаў пану, бацька Язэпкаў адрабляў паншчыны пяць дзён на тыдзень — тры дні з канём і два без каня. У бясконныя дні мужыка магла замяніць жонка ці хто іншы з сям’і. Якімовіч.
бяско́нцы, ‑ая, ‑ае.
1. Бязмежны, бяскрайні, без канца і пачатку. Недзе ў бясконцым блакіце неба курлыкалі жураўлі. Гамолка.
2. Надзвычай доўгі, працяглы. Бясконцая прамова. Бясконцы шлях. Бясконцая ноч. □ [Вася:] — Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя. Шамякін. // Бесперапынны, няспынны. Бясконцым патокам у гумны Снапы залатыя плылі... Панчанка. // Які ніколі не канчаецца, не змаўкае, працяглы. З вышыні на зямлю лілася бясконцая песня нябачных жаваранкаў. Алешка.
3. Вельмі моцны, нязмерны па сіле праяўлення, па велічыні. У яго [Ляткоўскага] голасе была тая бясконцая радасць жыцця, якую толькі і можна выказаць песняй. Вітка.
4. Які маецца ў вялікай колькасці; шматлікі. Дзе б гэта магло быць? У Мінску? Ці ў адной з гэтых бясконцых вёсак, у якіх пабываў.. [Павел], крочачы па доўгіх франтавых дарогах? Васілёнак. Школа акуналася ў новае жыццё, поўнае бясконцых цікавых таямніц. Васілевіч.
бяско́рміца, ‑ы, ж.
Разм. Нястача, адсутнасць корму для жывёлы, птушак. [Леў Раманавіч:] — Не ведаю, можа цяпер з кармамі палепшае, кукурузу сеяць пачынаем, а то, брат, бывае такая бяскорміца, жах адзін. Асіпенка. [Гарлахвацкі:] З часам, калі.. корму станавілася ўсё менш і менш, буйнейшыя экземпляры [жывёлы] пачалі выміраць ад бяскорміцы. Крапіва.
бяскра́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бяскрайняга; бязмежнасць.
бяскра́йні, ‑яя, ‑яе.
Якога нельга акінуць вокам; неабсяжны. На блакітным небе не відаць ніводнай хмаркі, і ад гэтага неба здавалася неабсяжным, бяскрайнім. Краўчанка. Збоку, за гарой, засінелі разлогі бяскрайняга лесу. Ракітны.
бяскро́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены крыві або які змяшчае ў сабе малую колькасць крыві; вельмі бледны. Твар [Шабуні] быў бледны, бяскроўны, як у мёртвага. Мележ.
2. Які адбываецца без праліцця крыві. Бяскроўная рэвалюцыя.
3. перан. Нежывы, мёртвы. [Собіч:] — Хіба ж не паэзія ў тым, што, беручы вось гэтыя сухія, бяскроўныя лічбы, дзе няма ні аднаго слова, я чытаю цэлую найцікавейшую кнігу. Скрыган.
бяскры́зісны, ‑ая, ‑ае.
Які характарызуецца адсутнасцю крызісаў.