бяздо́мніцтва, ‑а, н.
Тое, што і бяздомнасць. Дык вось ён які, новы паваротак у жыцці! У якім жыцці? У бяздомніцтве, у блуканні паміж небам і зямлёю. Колас.
бяздо́мнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Бадзяцца, не маючы свайго жылля, сям’і. // Рэдка бываць дома, з сям’ёй. — Рыта, ты да мяне несправядлівая, — пярэчыць Барыс. — Хто-хто, а ты не можаш паскардзіцца, што я бяздомнічаю. Скрыган.
бяздо́мны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае жылля; беспрытульны. Кім толькі не быў, якіх толькі прафесій не паспытаў Мікола за сваё бяздомнае, вандроўнае жыццё. Машара. // Пра жывёл — валачашчы. Бяздомны кот.
бяздо́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бяздоннага; бязмерная глыбіня.
бяздо́нне, ‑я, ж.
Тое, што і бездань. А над гэтым [снежным] прасторам разгортвалася бяздонне яснага прадвясенняга неба. Колас. Потым хлопцаў доўга гушкаў параход над акіянскім бяздоннем. Хомчанка.
бяздо́нніца, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і бездань (у 1, 3 знач.); прорва.
бяздо́нны, ‑ая, ‑ае.
Непамерна глыбокі. Так загуста насыпана месяцаў У бяздонную прорву вод, Што не пройдзе ніяк, не памесціцца Сярод гэтых вод параход. Панчанка. [Кулеш] кінуўся да ракі і доўга глядзеў на цёмную плынь і ўсё адно ўбачыў смерць — чорныя, бяздонныя віры глядзелі на яго. Шамякін. // Бязмежны, бяскрайні. Бяздонны блакіт.
•••
Бяздонная бочка гл. бочка.
бяздро́тавы, ‑ая, ‑ае.
Работа якога ажыццяўляецца без выкарыстання дротавых прыстасаванняў (для прыёму і перадачы гукаў, сігналаў і пад.). Бяздротавая сувязь. Бяздротавы тэлеграф. Бяздротавы тэлефон.
бязду́м’е, ‑я, н.
Інертны стан, які характарызуецца адсутнасцю думак, роздуму. Так стаяла.. [Алаіза Пашкевіч] да таго часу, пакуль з бяздум’я не вывеў паштальён, які падышоў і ўлажыў у клямку газеты. С. Александровіч.
бязду́мнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць думак, інертнасць мыслення; бяздум’е. На Ніну раптам найшла нейкая дзіўная бяздумнасць. Мележ.