бязбо́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не прызнае бога; атэістычны. Гаспадар нашых душ [рэб Шмар’е] пільнаваў нас ад бязбожнай літаратуры. Бядуля.
2. Разм. Неймаверны, несумленны. Бязбожны лгун. □ Стахевіч ледзь не зарагатаў ад гэтай бязбожнай Косцікавай брахні. Паслядовіч.
бязбо́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не выклікае болю, фізічных пакут. Бязбольнае выдаленне зуба.
бязбо́язнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязбоязнага; бясстрашнасць.
бязбо́язны, ‑ая, ‑ае.
Які не ведае боязі, страху; бясстрашны. Бязбоязны чалавек.
бязбро́вы, ‑ая, ‑ае.
Без броў, а таксама які мае ледзь прыкметныя (звычайна светлыя) бровы. На пажоўклай ад часу паперы захаваўся здымак: двое маладых хлопцаў стаялі побач. Адзін, крыху старэйшы, скуласты, амаль бязбровы, а другі — худзенькі, з далікатным, як у дзяўчыны, тварам, высокі. Хомчанка.
бязва́жкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан бязважкага. Толькі ў космасе, пры палёце па інерцыі даводзіцца сустракацца з бязважкасцю. Гамолка.
бязва́жкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае вельмі нязначную, малую вагу; лёгкі. Ён ужо даўно не браў яе рукі ў сваю, і цяпер яму здалося, што рука нейкая бязважкая. Асіпенка.
бязве́р’е, ‑я, н.
Адсутнасць веры, упэўненасці ў чым‑н.; нявер’е. Трывожна было і на душы Клямта. Але ён не паддаваўся бязвер’ю: ён наогул не быў схільны марочыць сябе рознымі сумненнямі. Мележ.
бязве́рхі, ‑ая, ‑ае.
Такі, у якога няма верху, верхавіны. Бязверхая бяроза.
бязве́транасць, ‑і, ж.
Адсутнасць ветру; ціхае надвор’е. Шум лесу — гэта песні дрэў, а дрэвы пяюць і ў бязветранасць. Хомчанка.