Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяго́нія, ‑і, ж.

Дэкаратыўная, трапічная і субтрапічная расліна сямейства бягоніевых з прыгожым пярэстым лісцем.

[Ад уласнага імя.]

бягу́н, бегуна, м.

1. Той, хто хутка бегае. Першы ў атрадзе бягун. // Спартсмен, які займаецца бегам (у 2 знач.). Бягун на сярэднюю дыстанцыю.

2. Уст. Скоры на хаду конь. Фурман фарсіста ляснуў пугай, Вязе ў парадны ход папоў І, нацягнуўшы лейцы туга, Спыняе пару бегуноў. Колас.

3. толькі мн. (бегуны́, ‑оў). Прыстасаванне для размолвання і змешвання розных матэрыялаў.

4. Уст. Уцякач. Ляснік маўчаў, Ён сам ведаў, што лес напоўнен незнаёмымі людзьмі — бегунамі, якія хаваліся ад польскай улады. Чарот.

бягу́ння, ‑і, ж.

Жан. да бягун (у 1, 2 знач.).

бягу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад бегчы.

2. у знач. прым. Які зараз адбываецца, настаў; цяперашні. Банжын коратка расказаў, што было зроблена напярэдадні, расказаў пра планы на бягучы дзень. Шыцік. // Які адбываецца кожны дзень, штодзённы. [Мікалай Аляксеевіч] сказаў колькі слоў наконт бягучай работы, папрасіў Гарнастая быць заўтра на праўленні і выйшаў. Навуменка. А калі ўправіўся [Максім Сцяпанавіч] з бягучымі справамі і выпала вольная хвіліна, захацелася самому пайсці ў ліцейны. Карпаў.

•••

Бягучы момант гл. момант.

Бягучы рахунак гл. рахунак.

бяда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. беды, бед; ж.

1. Няшчасце, нядоля, гора. Па рыбацкаму звычаю лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе іх засцігне апошняя бяда. Брыль. Ды зноў бяда: праз год вясною Згарэла хата з варыўнёю. Колас. // Непрыемнасці, клопат. Але сёння здарылася з цыркуляркай бяда — сапсаваўся па нейкай прычыне матор. Гамолка. Трэба, думае [мужык], хоць яйкі ратаваць, бо як астынуць, дык і кураняты не выведуцца: бяда будзе ад жонкі... Якімовіч.

2. Галеча, нястача, недахоп сродкаў для жыцця. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. Вечная ў хаце бяда — Ніва, як палец, вузкая, У хлебе цвіла лебяда. Танк. [Дзед:] — Дзе ж ты [Сымонка] дзенешся зімою? Хто табе прытулак дасць? Эх, спазнаешся з бядою! Эх, шырока яе пасць! Колас.

3. у знач. вык. Дрэнна, нядобра; непрыемнасць. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Колас. [Камандзір:] — Пяхоце шукай, дзе вузей, ды дрэвы валяй цераз ваду. З фурманкамі — таксама бяда. Брыль. // (з адмоўем). Неістотна, не мае значэння. Стараватая будзе жонка? Не бяда! Ён [Беразоўскі] і сам не малады. Чарнышэвіч.

•••

Бяда вялікая — не мае значэння, няважна.

Бяда малая — не датычыцца каго‑н. [Шчырэц:] — Ты [Валошын] — гарадскі, табе бяда малая: Тваіх палёў жаўнеры не патопчуць. Глебка.

Бядой латаны гл. латаны.

Далей ад бяды гл. далей.

Дапамагчы бядзе гл. дапамагчы.

Лезці ў бяду гл. лезці.

Не твая (мая, яго і г. д.) бяда — не твая (мая, яго і г. д.) справа, што табе (мне, яму і г. д.) абыходзіць.

Такой бяды; толькі (той) бяды — не мае значэння; ну дык што ж!

Як на бяду — як назнарок, як на тое.

бяда́к, бедака, м.

Разм. Той, хто вечна гаруе, бяздольны; няшчасны, гаротны. Сымон лічыўся найбольшым бедаком у вёсцы. Дзе калі якое гора навернецца, заўсёды трапіць на Сымона. Бядуля. [Ліса] коціць лапамі вожыка да бліжэйшага ручайка; спіхвае яго ў ваду... Каб не ўтапіцца, бедаку трэба плысці, і ён выпростваецца ў вадзе. Рылько.

бяда́цкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы бедаку. // Поўны гора, бяды. Помню год цяжкі, бядацкі, Як памерлі на вясне — Маці з голаду, а бацька — Партызанам на вайне. Броўка.

бяда́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да бядак.

бяда́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бедака, уласцівы бедаку. Палац ваш [панскі] смяецца з нядолі бядачай. Купала. Нягледзячы на бядачы лёс, народ ніколі не траціў пачуцця гумару, верыў у лепшую будучыню. Саламевіч.

бядне́ць, ‑нею, ‑нееш, ‑нее; незак.

Ператварацца ў бедняка, траціць сваё багацце. Там, дзе поблізу чутны ў людской гаворцы гарады Нясвіж і Слуцк, незадоўга да першай імперыялістычнай вайны пачаў бяднець у сваім вялікім маёнтку пан Гальвас. Чорны. // Спусташацца, траціць разнастайнасць, мізарнець. // перан. Траціць былую глыбіню, мізарнець, рабіцца пасрэдным. Бяднець на думкі. Бяднець на ідэі.