Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бытапіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; незак., што і без дап.

Апісваць, паказваць быт. Пісьменнік .. непасрэдна адклікаўся на «поклічы жыцця», бытапісаў разнастайныя праяўленні новага грамадскага ладу. Перкін.

бытапі́сец, ‑пісца, м.

Аўтар твораў, у якіх апісваецца быт; бытапісальнік.

бытаўшчы́на, ‑ы, ж.

Тое, што і бытавізм.

быткамбіна́т, ‑а, м.

Камбінат бытавога абслугоўвання. У нас ёсць і дзіцячыя сады, яслі, і сталовая, і быткамбінат. Місько.

бы́тнасць, ‑і, ж.

У выразе: у (маю, тваю, яго і г. д.) бытнасць кім або дзе — у час знаходжання ў якасці каго‑н. або дзе‑н. У бытнасць Пракопа Касянка старшынёй калгаса гаспадарка ішла ўгору: добра абсявалася поле, былі пастаўлены неблагія грамадскія будынкі, пасаджана дваццаць пяць гектараў саду. Сабаленка.

быто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Разм. Памяшканне на колах для часовага адпачынку ў палявых умовах. У перапынку мы сустрэліся ў перасоўнай бытоўцы, якія ёсць у кожнай брыгадзе. «Беларусь». // Памяшканне на будоўлі для адпачынку і захоўвання інструментаў, прылад і пад. Хлопцы ідуць у бытоўку — рыдлёўкі ляжаць там. Савіцкі.

бы́ўшы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. пр. ад быць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які страціў ранейшае прызначэнне, ролю; былы. Батарэя, якою камандаваў быўшы афіцэр,.. пустошыла рады насядаўшых дзянікінцаў. Колас.

3. Дзеепрысл. пр. ад быць. Мастацтва ён [пан Вашамірскі] да вар’яцтва палюбіў, быўшы ў Парыжы, калі закахаўся там у адну прыгожую францужанку-акторку. Бядуля.

быці́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да быцця (у 1 знач.).

бы́ццам, злучн. і часціца.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». Брызент, быццам ветразь, надзімаўся і трапятаў на ветры. Мележ. Быццам той карабель, да шчаслівых зямель ты плывеш праз гадоў акіяны. А. Вольскі. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару і па свайму значэннях адпавядае злучнікам: «нібы», «як быццам». Каля штыкецін гародчыка, ля свежаабчасаных калочкаў, быццам сёстры, стаялі бярозкі. Даніленка. Быццам дождж гарачы, Так з вачэй у маткі слёзы паплылі. Танк. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна засланіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. // У гэтым жа значэнні злучае параўнальныя звароты і сказы з адценнем меркавання, здагадкі; па свайму значэнню збліжаецца са злучнікамі «як бы», «нібыта». Пастух, стары ўжо чалавек, згорблены і доўгі, хадзіў па ўзмежку, раз-пораз згінаўся, быццам нешта шукаў. Асіпенка. Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай. Шамякін. / У спалучэнні з часціцай «бы». І вырас, быццам бы грыбок З цёплымі дажджамі, Ціхі сівенькі дзядок, З барадой, з вусамі. Бялевіч. // Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў і даданых параўнальных сказаў са значэннем неадпаведнасць неверагоднасці; у сэнсавых адносінах адпавядае злучніку «нібыта». Бачачы, што Сільніцкі .. трапіць у лапы жывадзёраў, жанчына дала яму на рукі дзіця, а сама з кашолкай пайшла побач з ім, быццам яго жонка. Крапіва. [Хлопцы] .. зрабілі пад.. [лаўжом] гняздо з лапак і склалі туды свой скарб. Потым апусцілі лоўж на месца і, быццам нічога не здарылася, рушылі тымі ж кустамі дахаты. Якімовіч.

2. злучн. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, калі сказанае ў гэтых сказах не адпавядае сапраўднасці. Дзед штодня цешыць унукаў, быццам вясна ўжо блізка, што вось-вось ужо за гэтым лесам, што за рэчкай стаіць. Цётка. Ляснік папаўся такі, што баіцца слова сказаць, прыкідваецца, быццам не бачыць, што ў яго абходзе робіцца. Крапіва. б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы са значэннем няўпэўненасці. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. в) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, якія паясняюць галоўны сказ шляхам умоўнага дапушчэння чаго‑н. [Алесь:] — У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноўку нарадзіўся. Шыцік. / У спалучэнні са злучнікам «што», часціцай «бы» («што быццам», «быццам бы», «што быццам бы»). Шукаючы ратунку, .. я паглядзеў Закрэўскаму ў вочы і бачыў у іх такую ласкавасць да мяне, што быццам бы гэта быў мой родны бацька. Чорны.

3. часціца. Паказвае на няўпэўненасць, дапушчальнасць выказвання, яго ўмоўна-ўяўны характар. Ты і дапамагаеш, ты і быццам радуешся, што мы адстаём. Шамякін. Луг зялёны за ракою Быццам снегам замяло. Муравейка.

•••

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 знач.).

быццё, ‑я, н.

1. Спец. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе незалежна ад нашай свядомасці; матэрыя, прырода. Быццё па-за часам, заключае [Пляханаў], з’яўляецца такім жа вялікім абсурдам, як і быццё па-за прасторай. «Весці».

2. Сукупнасць умоў матэрыяльнага жыцця грамадства. Быццё вызначае свядомасць.

3. Жыццё, існаванне. Ад роднае зямлі, Ад гоману бароў, Ад казак вечароў, Ад песень дудароў, Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей, Ад шолаху начэй, Ад тысячы ніцей, З якіх аснована і выткана жыццё І злучана быццё і небыццё, — Збіраўся скарб. Колас.

4. Разм. Прабыванне дзе‑н. [Карызна] сказаў возніку ехаць далей і ўпершыню за ўвесь час быцця свайго ў гэтым раёне спыніўся ў заезным двары. Зарэцкі.